— Гэты нібыта рэзкі каментар расейскага МЗС сведчыць толькі аб жаданні прадэманстраваць сваім беларускім хаўруснікам, што вось мы тут з вамі, заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць! Пры тым што, я ўпэўнены, расейцы вельмі задаволеныя ўвядзеннем санкцыяў. Хаця крыху і расчараваныя, што яны не настолькі жорсткія, як чакалася. Бо чым больш бы яны былі жорсткімі, тым больш Беларусь была б вымушана прытуляцца да Масквы — з усімі вынікаючымі наступствамі, — зазначыў у інтэрв’ю Pyx.by палітолаг Андрэй Фёдараў.
На думку аналітыка, Расея працягне ў стасунках з Беларуссю палітыку бізуна і перніка.
— Яны паказваюць, што зараз усё ідзе нібыта добра, на афіцыйным узроўні мы Беларусь падтрымліваем, але калі ты, Аляксандр Рыгоравіч, ізноў пачнеш хістацца з боку ў бок, то мы можам і павярнуць нашае сяброўства ў зваротным накірунку. Галоўнае ўсё ж для Расеі — гэта эканамічныя стасункі. І яны будуць спрабаваць зрабіць усё, каб уцягнуць Беларусь як мага глыбей. У адзіную эканамічную прастору, Мытны саюз і г.д. Чым глыбей улезем, тым цяжэй будзе адтуль вырывацца. А потым, калі шлях пад Расею, не дай Бог, стане незваротным, прыпомняць ужо ўсё — і прыціснуць яшчэ і па палітычнай схеме. Пытанне тэхнікі.
Эксперт мяркуе, што Еўропа на цяперашнія стасункі Беларусі з Расеяй калі і можа паўплываць, то толькі ўскосна.
— Галоўнае — гэта не ўводзіць жорсткіх эканамічных санкцыяў, якія, я ўпэўнены, да нічога добрага не прывядуць, а толькі будуць вымушаць афіцыйны Мінск рухацца і надалей на Ўсход.
Нагадаем, ва ўчорашняй заяве МЗС Расіі наконт санкцыяў ЗША і ЕС ў дачыненні да беларускіх уладаў адзначалася:
— Паслядоўная пазіцыя Расеі заключаецца ў неабходнасці самага шырокага ўцягвання Беларусі як суверэннай еўрапейскай дзяржавы ў працэсы міжнароднага супрацоўніцтва. У гэтым стратэгічным кантэксце прымяненне супраць Беларусі па палітычных матывах аднабаковых санкцый у разліку на падрыў сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў краіне будзе мець контрпрадуктыўны характар. Наадварот, наладжванне і развіццё ўзаемавыгадных і раўнапраўных сувязяў з Беларуссю спрыяла б паглыбленню там рыначных пераўтварэнняў і далейшаму станаўленню дэмакратычных інстытутаў.
31 студзеня ЕС і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ў сувязі з жорсткім разгонам акцыі апазіцыі ў цэнтры беларускай сталіцы вечарам 19 снежня і недэмакратычным характарам прэзідэнцкіх выбараў. ЕС забараніў уезд на сваю тэрыторыю 158 беларускім чыноўнікам, ЗША пашырылі свой «чорны спіс» і аднавілі санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў «Полацк-Шкловалакно» і «Лідская лакафарба».
