У раённы суд з'явіліся пяць актывістаў з сямі: Станіслаў Суднік, Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурак, Міхал Бурачэўскі і Мурат Мусаеў. Юры Дзяшук даслаў у суд факс, у якім паведаміў, што знаходзіцца за межамі Беларусі, а Сяргею Сідарэнку міліцыянты не ўручылі позву, бо не знайшлі яго, перадае «Радыё Свабода».
Судздзя Сяргей Піпко абвясціў, што ўсе выкліканыя ў суд абвінавачваюцца ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства 25 сакавіка паводле аднаго артыкула, і таму ўсе справы аб’яднаныя ў адну.
Падчас працэсу высвятлілася, што Трафімчык і Ашурак не азнаёмленыя з пратаколамі, складзенымі на іх міліцыянтамі. Трафімчык патлумачыў суду, што яму нехта тэлефанаваў з пастарунку і запрашаў прыйсці, але ён адмовіўся з'яўляцца туды бяз позвы. Ашурак скарыстаў права не даваць ніякіх паказанняў.
Пасля перапынку ім выдалі копіі складзеных на іх пратаколаў. Судздзя абвясціў, што ў матэрыялах справы з'явіўся новы дакумент — даведка з райвыканкаму пра тое, што па дазвол на правядзенне 25 сакавіка масавага мерапрыемства ніхто не звяртаўся.
У выніку працяг суда быў перанесены на 25 красавіка.
«Ужо на самым пачатку працы суддзя даў сваю ацэнку таму, што адбывалася, - распавёў Pyx.by першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які прысутнічаў на судзе. - Ён запытаўся: «Чаму вы замест таго, каб у сакавіку атрымліваць асалоду ад сонейка, праводзіце палітычныя акцыі? Ці ўдумалі рэвалюцыю зрабіць?». Гэта ўсё казалася паўжартам, але была бачная ангажаванасць суддзі».
Па ягоным меркаванні, цяжка прадказаць вынік справы, але справа – замоўленая. «Актывісты ўсяго толькі ўсклалі кветкі на магілы тых, хто спрычыніўся да беларускай незалежнасці, адзінае, што яны зрабілі гэта арганізавана і мелі ў руках нацыянальную сімволіку», - адзначыў Губарэвіч.
Ён дадаў, што пад час Радуніцы па такой жа справе можна прыцягваць сотні тысяч беларусаў. «Абсурд уладаў – відавочны. Але карныя меры прымяняюцца выбарачна і толькі да тых, хто з'яўляецца актывістам апазіцыі», - зазначыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».
