Вынікі кампаніі на мясцовых выбарах адсутнічаюць у тых, хто зусім нічога не рабіў. Сябры “Руху за Свабоду” стараліся дасягнуць пастаўленых мэтаў, а ў прыватнасці павелічэння магчымасці для працы з людзьмі, кажа першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юры Губарэвіч.
Па яго словах, дзясяткі кандыдатаў скарысталіся магчымасцямі, якія дае выбарчае заканадаўства, ладзілі пікеты, размаўлялі з выбаршчыкамі і збіралі подпісы.
"Перадусім, гэта легальны выхад на вуліцы, гэта выстаўленне пікетаў па збору подпісаў, па раздачы інфармацыйных матэрыялаў. Гэта абыход кватэраў, дзе таксама адбываліся размовы з выбаршчыкамі на актуальныя тэмы, гэта правядзенне інфармацыйнай кампаніі праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Перадусім, гэта дзяржаўнае радыё, куды апазіцыя ніколі ў міжвыбарчы перыяд не трапляе, ну і таксама распаўсюд інфармацыйных улётак", - распавёў намеснік руху.
Па ягоных словах, што "задачы, якія мы перад сабой ставілі ў межах выбарчай кампаніі, мы дасягнулі".
Напярэдадні журналіст і грамадскі актывіст Франак Вячорка раскрытыкаваў беларускую апазіцыю за “нулявыя” вынікі выбарчай кампаніі. У дэпутаты мясцовых Саветаў прабіліся толькі адзінкавыя прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў. // Радыё Рацыя
