«Варта працягваць дзейнасць паводле парадку дня, вызначанага на Віленскім саміце „Усходняга Партнёрства“: візавае пытанне, ахова мяжы, абмеркаванне мадэрнізацыі і гэтак далей. Упершыню за многія гады сфармаваўся такі канструктыўны парадак дня. Нельга дапусціць, каб ваколукраінскія падзеі яго паламалі», — лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Выступаючы на пасяджэнні Камітэта па замежнай палітыцы Еўрапарламенту, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што наша краіна заняла добрасуседскую пазіцыю датычна Украіны. У прыватнасці, прызнана новая тамтэйшая ўлада і робіцца спроба прапанаваць пасярэдніцтва паміж Кіевам і Масквой.
«Гэта ёсць праявай правядзення незалежнай палітыкі, таму не варта ізаляваць Беларусь разам з Расіяй з-за нашумелага галасавання ў Генеральнай асамблеі ААН па Украіне», — сказаў Мілінкевіч.
Разам з тым, з парадку дня перамоваў не павінна знікнуць праблема палітвязняў, лічыць старшыня Руху «За Свабоду».
«ЕС неабходна прыкласцi ўсе намаганнi, каб пераканаць улады Беларусі ў тым, што выгоды дыялогу і незалежнасць краiны сёння напрамую залежыць ад вызвалення палiтвязняў. Дзеля гэтага варта выкарыстоўваць магчымыя сродкi публiчнай i непублiчнай дыпламатыi. Вызваленне вязняў адкрые каналы эканамiчнай супрацы, iнвестыцый, мадэрнiзацыйнай дапамогi, неабходных для захавання эканамічнага і палітычнага суверэнiтэту Беларусi», — заключыў Аляксандр Мілінкевіч.
Нагадаем, што «Еўранэст» — міжпарламентская асамблея, якая створаная для збліжэння Еўразвяза і краінаў-удзельніц праграмы «Усходняе партнерства».
