"Мы павінны сёння адстаяць тыя каштоўнасці, за якія змагаўся Каліноўскі", - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Глядзіце відэа выступу старшыні Руху "За Свабоду" пад час мітынгу на Лукішскай плошчы (Вільня).
Мітынг-рэквіем, шэсце, ускладанне кветак і шэраг іншых мерапрыемстваў прайшлі 22 сакавіка у Вільні і Мінску да 150-й гадавіны забойства расійскімі ўладамі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў на Беларусі.
Арганізавалі іх Рух «За Свабоду» ў супрацы з Таварыствам беларускай культуры ў Літве, творчай суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам пры дапамозе амбасады Літвы ў Мінску. Рух Салідарнасці "Разам" таксама арганізаваў аўтобус беларусаў з Варшавы.
Мемарыяльныя мерапрыемствы ў Вільні сталі завяршальным этапам Году Каліноўскага - маштабнай кампаніі па папулярызацыі герояў паўстання 1863-1864 гадоў. У прыватнасці, яна ўключала ў сябе Мілавідскі фэст, конкурс "Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага", вандроўкі па мясцінах, звязаных з паўстаннем, упарадкаванне магіл паўстанцаў і помных знакаў, міжнародныя канферэнцыі, выданне літаратуры, прысвечанай тым падзеям.
