Як расказаў сайту Pyx.by Іван Крук, пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ён асабіста збіраў амаль усе подпісы, неабходныя для ягонай рэгістрацыі ў якасці кандыдату і ўпэўнены ў іх якасці. Але, па ягоных словах, сябры камісіі па некалькі разоў звярталіся да выбаршчыкаў, каб атрымаць падцверджанне, што яны не ставілі подпісы. У выніку 20 лютага Астравецкая раённая выбарчая камісія адмовілася яго зарэгістраваць кандыдатам, адзначыўшы прычынай тое, што пры праверцы былі знойдзеныя несапраўдныя подпісы.
22 лютага кандыдат абскардзіў гэтае рашэнне ў Гродзенскай абласной выбарчай камісіі, аднак 28 лютага, па словах актывіста, незаконна і беспадстаўна ў задавальненні скаргі яму было адмоўлена.
1 сакавіка ён падаў скаргу на дзеянні выбаркамаў у Гродзенскі абласны суд, аднак гэтая скарга таксама не была задаволеная. Па словах Крука, на працэсе ён заявіў два хадайніцтвы да суду: аб правядзенні экспертызы почырку (каб даведацца, ці самі выбарцы ставілі подпісы) і правядзенні выязнога паседжання ў Астраўцы, каб выклікаць на яго людзей, подпісы якіх былі прызнаныя несапраўднымі. Абодва былі адхіленыя.
У адкрытай заяве, распаўсюджанай 11 сакавіка, Іван Крук звярнуўся да Цэнтральнай выбарчай камісіі з заклікам вывесці з складу двух сябраў Астравецкага выбаркаму, якія, па ягоных дадзеных, займаліся пераправеркай подпісаў. На гэты зварот 13 сакавіка ён атрымаў адказ. Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, Цэнтравыбаркам не мае паўнамоцтваў, каб выканаць гэты крок.
Актывіст Руху «За Свабоду» выказаў падзяку сваім выбаршчыкам за падтрымку і зазначыў, што плануе надалей абараняць сваю і іх годнасць у кампетэнтных органах.
