Сабраныя подпісы будуць перш за ўсё выкарыстаныя для звароту ў парламент, распавёў сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. «Пытанні і сабраныя ў іх падтрымку подпісы будуць накіраваныя кожнаму дэпутату паасобку», — дадаў ён, адзначыўшы, што потым будзе адсочвацца, каб гэтыя звароты былі разгледжаныя ўладамі.
Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, у сувязі з падзеямі ў Крыме, «Народны рэферэндум» набывае новае гучанне і значэнне, бо гэта прапанова для ўладаў для размовы з людзьмі, адказаў на пытанні, якія іх цікавяць, для мірнага вырашэння існуючых праблемаў.

Адно з пытанняў «Народнага рэферэндуму» — «Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам?», і зараз вельмі важна распачаць інтэграцыю з Еўрасаюзам, адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
«Абсалютна відавочна, што пытанне незалежнасці Беларусі набывае зараз канкрэтныя абрысы, бо мы вельмі залежныя, пачынаючы ад ваенных базаў і заканчваючы эканамічнай залежнасцю», — адзначыў ён.
Па ягоных словах, «каб Беларусі дастойна выйсці з сённяшняга крызісу, важна кансалідаваць грамадства», і ў гэтых умовах «Народны рэферэндум» надае пэўныя магчымасці камунікаваць грамадству і ўладам.
У сваю чаргу, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў адзначыў, што ўлады выкарыстоўваюць Украіну для нагнятання сітуацыі ў Беларусі, і гэта моцна ўскладніла збор подпісаў у межах «Народнага рэферэндуму».
Кампанія «Народны рэферэндум», ініцыянаваная Рухам «За Свабоду», грамадзянскай кампаніяй"Гавары праўду" і Партыяй БНФ. Пазней да іх далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
