У нашай краіне нават начальства мясцовага ўзроўню асабіста прызначае прэзідэнт. Што такое паўнавартасная сістэма самакіравання, беларусы проста не ведаюць.
)
СВЯТЛАНА ГАЛЬДАДЭ, ЭКС-СТАРШЫНЯ ГОМЕЛЬСКАГА САВЕТУ ДЭПУТАТАЎ:
«У нас на месцах ёсць толькі дзяржаўная ўлада, якая цалкам падпарадкоўваецца прэзідэнту. Нават не Савету Міністраў, а менавіта прэзідэнту».
Адмоўныя ж наступствы такой сістэмы відавочныя — пагаджаюцца апаненты ўлады, пабудаванай на прэзідэнцкай вертыкалі.
ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
«На гэты момант грамадства цалкам пазбаўленае магчымасці ўплываць на фармаванне мясцовай улады. Мы лічым, што сітуацыю трэба змяніць».
Якім чынам? Грамадска-палітычная ініцыятыва «Народны рэферэндум» пытае жыхароў краіны. Ці згодныя вы, што кіраўнікоў выканкамаў гарадоў, раёнаў і вобласцяў трэба абіраць шляхам наўпроставага галасавання грамадзянаў? Гэта адно з пытанняў, якое прадстаўнікі кампаніі задаюць беларусам падчас вулічных пікетаў і сустрэчаў. Пазней яго плануюць вынесці на агульны рэферэндум пераменаў.
АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
«Людзі падтрымліваюць ідэю абірання мэраў. Яны хочуць, каб тыя былі адказныя перад імі, прымалі рашэнні і сапраўды мелі паўнамоцтвы».
Сёння праблемаю заняліся ўдзельнікі адмысловага круглага стала. Адмыслоўцы і былыя прадстаўнікі мясцовай улады, што сабраліся ў Менску, пагаджаюцца ў адным: змены прыйдуць не адразу і выключна дзякуючы глыбокім і, у перспектыве, доўгатэрміновым рэформам усёй сістэмы самакіравання.
АНДРЭЙ ЗАВАДСКІ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ МЕНГАРСАВЕТУ:
«Заканадаўчая база для такога кроку яшчэ не падрыхтаваная. Мы апынемся ў сітуацыі, калі нават абраныя народам кіраўнікі будуць цалкам залежаць ад сённяшніх структураў дзяржаўнай улады. Яны не будуць займацца мясцовымі праблемамі, не будуць несці адказнасці перад грамадзянамі, а будуць дзеяць у межах выканаўчай вертыкалі».
Хаця мусіць быць з дакладнасцю наадварот.
АНДРЭЙ ЗАВАДСКІ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ МЕНГАРСАВЕТУ:
«Розныя ўзроўні мясцовай улады мусяць быць незалежныя. Кожны ўзровень мусіць займацца сваймі функцыямі, мець сваю маёмасць і грошы. А вышэйшыя органы ніякага ціску ці ўплыву, акрамя як праз Канстытуцыю і судовае развязанне канфліктаў, не мусяць мець».
Ці ўдасца давесці слушнасць такіх развязанняў да большай колькасці грамадзянаў? Ініцыятыва «Народны рэферэндум», да якой далучыліся пяць апазіцыйных рухаў і партыяў, вялікія спадзевы ўскладае на апошнія тыдні кампаніі выбараў у мясцовыя саветы. Калі ідэю змены сістэмы самакіравання разам з іншымі прапановамі падтрымаюць пяцьдзесят тысячаў чалавек, адпаведныя патрабаванні перададуць у Палату прадстаўнікоў Беларусі.
Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў"
