Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла 11 сакавіка, што грамадзяне і юрыдычныя асобы - вольныя пры заключэнні дамоваў і прымусіць іх гэта зрабіць нельга, акрамя таго, нельга «абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі СМІ, распаўсюджваць адхіленыя ім матэрыялы».
«Выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў, якія абавязваюць рэдакцыю надрукаваць матэрыял, прадстаўлены кандыдатам у дэпутаты, а рэгулюе гэтыя адносіны толькі ў частцы аплаты азначанай дамовай грашовай сумы з сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты», - заявіла Ярмошына.
З улікам выкладзенага, зварот з'яўляецца неабгрунтаваным, заключыла старшыня ЦВК.
Нагадаем, Аляксей Гаўруцікаў 11 сакавіка паскардзіўся у Цэнтральную выбарчую камісію на адмову друкаваць ягоны перадвыбарны артыкул у газеце «Дняпроўская праўда». Па словах кандыдата, у артыкуле былі змешчаныя ягоная біяграфія, пералік давераных асобаў, Гаўруцікаў выказаўся ў падтрымку «Народнага рэферэндуму» і «Народнай праграмы», за вызываленне палітвязняў.
Але калі ён прыехаў у газету для падпісання дамовы, галоўны рэдактар газеты Святлана Шурпакова адмовілася друкаваць артыкул, вусна патлумачыўшы, што там утрымліваецца прыхаваны заклік да змены канстытуцыйнага ладу і ўлады. Незалежны кандыдат прасіў ЦВК ацаніць артыкул, правесці праверку парушэнняў з боку галоўнага рэдактара «Дняпроўскай праўды» і абавязаць яе надрукаваць матэрыял.
