У заяве асуджаюцца «грубыя парушэнні правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі забавязаннямі нашай дзяржавы пры раследванні абставінаў правакацыі 19 снежня», што «стала запланаванай нагодай для беспрэцэдэнтнай кампаніі дзяржаўнага тэрору супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якую сілавыя структуры вядуць ўжо другі месяц».
У гэтай сувязі ўдзельнікі ініцыятывы «Беларускі выбар» выказаліся «за неадкладнае спыненне крымінальнай справы, вызваленне нашага сябра, кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, іншых кандыдатаў у прэзідэнты і дэмакратычных актывістаў, а таксама скасаванне хатняга арышту для ўжо вызваленых палітычных вязняў».
"Улады Беларусі павінны неадкладна выпусціць на свабоду ўсіх палітычных зняволеных, запрасіць міжнародных экспэртаў дзеля аб’ектыўнага раследавання правакацыі каля Дому ўраду і спыніць безпадстаўныя цкаванні і затрыманні дэмакратычных актывістаў, ператрусы і выняцці тэхнікі ў іх кватэрах і офісах. Адказнасць за сённяшнюю ізаляцыю Беларусі ад цывілізаванага дэмакратычнага свету і за марнаванне магчымасцяў мадэрнізацыі эканомікі краіны поўнасцю кладзецца на ўлады Беларусі, якія сваімі паводзінамі кідаюць выклік агульна прызнаным прынцыпам і каштоўнасцям дэмакратыі, чалавечай годнасці і гуманнасці«,- гаворыцца ў заяве «Беларускага выбару».
На сустрэчы лідэраў гэтай ініцыятывы была абмеркаваная поставыбарная стратэгія дзеянняў, а таксама перспектывы супрацы з Нацыянальнай каардынацыйнай Радай дэмакратычнай апазіцыі і Нацыянальнай платформай Форума грамадзянскай супольнасці праграмы «Усходняе партнёрства».
Нагадаем, «Беларускі выбар» быў створаны пры канцы 2010 года шэрагам грамадска-палітычных арганізацыяў, якія «падзяляюць каштоўнасці незалежнасці, дэмакратыі і еўрапейскага выбару Беларусі».
Было заяўлена, што ў Беларусі «наспела неадкладная неабходнасць змены палітычнага рэжыму і эканамічнага ладу, мадэрнізацыі краіны, пабудовы трывалай грамадзянскай супольнасці дзеля абароны народных інтарэсаў на прынцыпах свабоды і сацыяльнай справядлівасці пры ўмове яднання прагрэсіўных сілаў і рэалізацыі беларускага, а не замежнага сцэнару».
Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Аляксей Янукевіч ад Партыі БНФ, Алег Новікаў ад Беларускай партыі «Зялёныя», Алесь Міхалевіч ад Саюза «За мадэрнізацыю» і Аляксандр Мілінкевіч ад Руху «За Свабоду».
На жаль, з вядомых прычынаў на сённяшнім пасяджэнні не змог прысутнічаць Алесь Міхалевіч, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Ад Саюза «За мадэрнізацыю» быў ягоны прадстаўнік Кастусь Лукашоў.
Да гэтых чатырох дэмакратычных структураў далучыўся і аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу на чале з Уладзімірам Навасядам. Такім чынам, ініцыятыва «Беларускі выбар» узбуйнілася.
«Апошняя хваля ўціску з боку ўладаў мае на мэце паралізаваць дзейнасць палітычнай альтэрнатывы і такім чынам манапалізаваць права на вызначэнне накірункаў палітычнага і эканамічнага развіцця краіны. „Беларускі выбар“ бачыць сур’ёзную небяспеку ў дадзенай сітуацыі і не жадае быць марыянеткай ў гульнях ні ўлады, ні прарасійскай часткі апазіцыі», — сказаў у інтэрв’ю Pyx.by намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які на сённяшнім пасяджэнні баў абраны кіраўніком сакратарыяту ініцыятывы «Беларускі выбар».
Поўны тэкст заявы глядзіце тут.
