Нагадаем, актывісты Руху Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў звярнуліся у суд, каб той праверыў факты парушэння выбарчага заканадаўства сябрамі Віцебскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, пастанавіў зняць яе старшыню Валянціну Казакоўскую з пасады і, адпаведна, абавязаў выбаркам зарэгістраваць іх кандыдатамі ў дэпутаты.
У рэгістрацыі абодвум адмовілі праз тое, што прызналі несапраўднымі подпісы выбаршчыкаў за іх вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты. Быццам бы частка з людзей, якія падпісаліся, не самі ставілі ў падпісных лістах дату і падчас праверкі прызналіся ў гэтым. У Гаўруцікава было дзевяць такіх выпадкаў, у Жаляпава — пяць. У сваю чаргу актывісты Руху «За Свабоду» ў скаргах заявілі, што выбаршчыкі падпісалі «прызнаўчыя» бланкі з падачы выбаркаму не чытаючы і памылкова. Прычым усе (!) 14 чалавек засведчылі гэта на просьбу актывістаў Руху ў адмысловых заявах. І выказалі гатоўнасць даць адпаведныя паказанні ў судзе.
25 лютага не была задаволена скарга Гаўруцікава, 26 лютага такім самым чынам скончыўся судовы разгляд скаргі Жаляпава.
Каардынатар Руху «За Свабоду» па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў распавёў Pyx.by, што ў якасці сведкаў паклікаў сябраў сваёй ініцыятыўнай групы, а таксама выбаршчыкаў, якія распавялі, што не глядзелі, дзе падпісваліся на просьбу прадстаўніцы выбаркаму.
«Выбаршчыкі нават казалі, што падпісалі пусты бланк, які ім дала прадстаўніца камісіі, і толькі сцямілі, што яны такое зрабілі, калі яна адышла», — адзначыў ён.
Але суддзя не прыняў усе гэтыя паказанні да ведама, сказаў Жаляпаў: «Нягледзячы на тое, што выбаршчыкі прыйшлі ў суд і заявілі пад прысягай, што іх падманулі».
Па словах каардынатара віцебскага аддзялення Руху «За Свабоду», абскарджваць далей рашэнне аб нерэгістрацыі немагчыма, але і ён, і Аляксей Гаўруцікаў плануюць звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на дзеянні старшыні Віцебскай гарадской выбарчай камісіі Валянціны Казакоўскай.
Жаляпаў лічыць, што ёсць усе прыкметы маніпуляцыі і фальшавання, калі сябры выбарчай камісіі правяралі сапраўднасць подпісаў. У прыватнасці, ён распавёў, што адной з выбаршчыц не было дома, і за яе на просьбу супрацоўніцы выбаркаму падпісалася дачка. «Жанчына прыйшла ў суд і распавяла, што першы раз бачыць паперу, подпіс — ён не яе. І дачка дома прызналася. Але суд гэтыя словы ў разлік не прыняў, палічыўшы, што подпіс сапраўдны», — сказаў Жаляпаў.
Акрамя таго, па словах віцебскага палітыка, быў выпадак, калі супрацоўніца камісіі сустрэла выбаршчыцу вуліцы, запыталася прозвішча і сама напісала «прызнаўчы» ліст.
