Новости Беларусь и Мир

Мілінкевіч пра Рамашэўскага

Мілінкевіч пра Рамашэўскага

3488 просмотров
Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч піша пра памерлага 13 лютага ва ўзросце 74 гадоў вядомага польскага дысідэнта, праваабаронцу і палітыка Збігнева Рамашэўскага.

Не стала Збігнева Рамашэўскага, сапраўднай легенды польскай незалежніцкай апазіцыі, сустваральніка славутага КАРу — Камітэту Абароны Рабочых, Варшаўскага Хельсінкскага Камітэта, аднаго з лідараў"Салідарнасці".

Добры і рашучы, адважны і прынцыповы ва ўсім, сціплы і вельмі просты ў чалавечых стасунках інтэлектуал, ён усёй сваёй дзейнасцю дэманстраваў, што салідарнасць — гэта не толькі пазіцыя і словы, але перш за ўсё дзейнасць. Таленавіты доктар фізікі, які распачаў грамадскую дзейнасць паўстагоддзя таму зборам подпісаў у Акадэміі навук супраць выключэння з універсітэта "за палітыку«студэнта-гісторыка Адама Міхніка.

Гэта ягонага выхаду на волю з турмы разам з іншымі КАРаўцамі патрабаваў толькі што створаны незалежны прафсаюз Гданьскай верфі, адкуль распачнецца працэс вызвалення Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ад «імперыі зла».

Ён, малады навуковец, разам з сябрамі створыць пазней у Варшаве «лятучае» Радыё «Салідарнасць», якое будзе перадаваць навіны на канале галоўнага польскага тэлеканала і прыводзіць у шаленства службы бяспекі камуністычнага рэжыму.

Як мала хто іншы Збігнеў Рамашэўскі разумеў неабходнасць міжнароднай салідарнасці. Ён бараніў Алену Бонэр і Андрэя Сахарава, пазней разам з Сахаравым звяртаўся ў падтрымку чэшскіх і славацкіх падпісантаў Хартыі-77, ладзіў сустрэчы лідараў польскай апазіцыі з Вацлавам Гавелам.

Нягледзячы на шматлікія абавязкі віцэ-маршалка польскага Сената, у 2009 годзе на некалькі гадзін прыляцеў у Мінск, каб звярнуцца з вітальным словам да дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму. Ён шчыра верыў: Беларусь вернецца ў сям’ю аб’яднанай Еўропы.

Адышоў вялікі змагар за Свабоду і Праўду, Годнасць і Справядлівасць.

Вечная памяць гэтаму Чалавеку!

Мае глыбокія спачуванні жонцы і паплечніку Зоф’і і дачцэ Агнешцы...

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости