19 снежня Турчаняк са сваімі сябрамі прагульваўся на плошчы Леніна ў Брэсце, дзе і быў затрыманы міліцыянерамі пры спробе запусціць кітайскі ліхтарык. На Турчаняка, які правёў у РАУС усю ноч, быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе артыкула 17.1 КоАП. Яго вінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія і выступілі сведкамі па гэтай справе.
Прамінула ўжо пяць пасяджэнняў суда, змяніўся суддзя, некалькі разоў перапісваліся пратаколы аб нібыта ўчыненым правапарушэнні, але праваахоўнікам так і не ўдалося даказаць віну Канстанціна Турчаняка. Зараз справа ўжо другі раз вернута на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Брэста. У сваёй пастанове суддзя Алена Дзенісенка зазначае, што «незразумела, па якіх прычынах органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, зроблена выснова пра тое, што ў суб’ектыўным баку дзеянняў Турчаняка К.В. прысутнічае хуліганскі матыў. Апрача таго Турчаняк патлумачыў, што ў 23.00 19 снежня ўжо быў затрыманы, знаходзіўся ў міліцэйскім аўтамабілі і не мог у згаданы перыяд часу нецэнзурна лаяцца на плошчы Леніна».
«У пратаколе шмат недапрацовак, ён складзены няправільна, з выкарыстаннем дзвюх відаў „чарніл“, — кажа Канстанцін Турчаняк. — З’явіўся нейкі новы грамадзянін, гэта значыць міліцыя яўна хлусіць. На апошнім пасяджэнні суддзя прыстойна паводзіла сябе і адправіла справу на дапрацоўку таму, хто яе фабрыкуе».
Паводле ацэнкі брэсцкага актывіста Руху «За Свабоду», праваабаронцы Рамана Кісляка, падчас судовага пасяджэння выяўлены шэраг працэсуальных парушэнняў, а таксама парушэнняў грамадзянскіх правоў Турчаняка, публічнасці і непрадузятасці працэсу, што робіць немагчымым далейшы разгляд гэтай справы.
