Здабываем нафту і газ, якіх у Беларусі — жменька. Разлічваем на алмазы, якіх яшчэ не вынайшлі...
Патэнцыйнае ж багацце застаецца на паверхні. Каб беларуская зямля давала прыбытак, трэба зрабіць карыстанне ёю даступным для насельніцтва, мяркуюць адмыслоўцы.
Пётр Мігурскі, доктар эканамічных навук, сябра Руху «За Свабоду»:
«То бок будынкі, машыны, абсталяванне і ўласнасць на прадукт, які робяць. Калі будзе вытворца сяльгаспрадукцы распараджацца канкрэтным прадуктам, тады мы з вамі будзем казаць пра эфектыўнасць гаспадарання агулам па Беларусі».
Сёння такое эфектыўнасці няма — прыйшлі да высновы незалежныя эксперты падчас дыскусіі «Рэфармаванне сельскай гаспадаркі», якая адбылася ў Шклове, на малой радзіме дзейнага кіраўніка краіны. На пачатку прэзідэнцтва — былога дырэктара саўгасу сельская гаспадарка была вызначаная прыярытэтнаю галіною. Пасля ў яе ўкінулі $ 50 млрд. Але больш урадлівымі застаюцца недатаваныя дзяржаваю прыватныя гаспадаркі.
У аграпрамысловым комплексе краіны фермеры займаюць 1,8 %, але яны на 40 % больш рэнтабельныя за дзяржаўныя прадпрыемствы. Тых на беларускай зямлі 82,3 %. Кожнае дзясятае з іх — стратнае, 90 % рэшты — неплацежаздольныя.
Агулам іхная запазычанасць сягнула Br 76 трлн. Сума ўдвая большая за грашовы прыбытак. Фермер Дзмітрый Яўстратаў мяркуе, што галіну ўратуе прыватызацыя.
Дзмітрый Яўстратаў, кіраўнік фермерскай гаспадаркі:
«Цяпер, на жаль, зямля ў арэндзе, зямля дзяржаўная, значыць яна нічыя, і стаўленне да яе такое... Яшчэ адна перавага, што калі ў мяне ёсць дзяляначка зямлі ва ўласнасці, ён каштуе пэўную суму, я заўсёды магу яго закласці ў банк, атрымаць крэдыт».
Адмыслоўца ў аграпрамысловасці — Барыс Вырвіч — адзначае, што прадаваць зямлю трэба ўзважана.
Барыс Вырвіч, адмыслоўца ў аграпрамысловым комплексе:
«Прыватызацыя мусіць адбывацца для тых людзей, якія сапраўды будуць займацца на гэтай зямлі менавіта сельскай гаспадаркай, а не нейкай іншай галіною дзейнасці».
Каб захаваць працоўныя месцы работнікаў зямлі і даць ім магчымасць зарабляць больш... Бо хоць цяпер галіна не самаакупляецца, аднак на 80 % забяспечвае насельніцтва харчамі, і перапрацоўчую прамысловасць — сыравінаю.
Прапановы ў структурнай аграрэформе — ад фермераў, навукоўцаў ды палітыкаў — удзельнікі сённяшняга круглага стала накіруюць уладам.
Рыгор Кастусёў, былы кандыдат на прэзідэнта:
«Каб гэтыя прапановы не згубіліся ў перспектыве. Ва ўсялякім разе каб мы паказалі ўладам, што ёсць ужо ідэі».
Ідэі рэальныя, але ці пагодзіцца дзяржава аддаць насельніцтву частку сваёй зямлі, а значыць і кантроль над сялом? //«Белсат»
