Нягледзячы на высокі ўзровень датацый, які складае 60% пры сусветным узроўні ў
Амаль 90% сельскагаспадарчых арганізацый з’яўляюцца стратнымі, запазычанасць у сельскай гаспадарцы на 01.10.2013г. складае больш за 76 трлн. рублёў, або ў 1,7 раза перавышае грашовую выручку ад рэалізацыі, што робіць праблему вяртання даўгоў невырашальнай.
Штогадовыя невытворчыя страты (мор жывёлы, нізкая якасць прадукцыі, перарасход кармоў, нізкая акупнасць матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў) складаюць фантастычную суму — да 5 млрд. даляраў, што з’яўляецца найважнейшым аргументам што да нізкай эфектыўнасці дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі ў сельскай гаспадарцы.
«Працягваецца адток высокакваліфікаваных кадраў з вёскі, перш за ўсё, спецыялістаў, у выніку чаго шматлікія негатыўныя тэндэнцыі ў сельскай гаспадарцы могуць набыць незваротны характар. Значная частка беларускай прадукцыі нават з улікам вялікіх датацый каштуе даражэй, чым еўрапейская, канкурэнтаздольная на абмежаваных рынках, а экспарт яе ў цэлым стратны», — адзначыў Пётр Мігурскі.
На яго думку, прычынай стратнасці сельскай гаспадаркі Беларусі з’яўляецца адсутнасць палітычнай волі ў кіраўніцтва краіны па пераўтварэнні сістэмы аграрных адносін, стаўка на захаванне калгасна-саўгаснай сістэмы, кан’юнктурныя дзеянні ўладных структур усіх узроўняў, што заканамерна прывяло да дэградацыі ролі асобы ў сельскай гаспадарцы.
«Асноўны тормаз для развіцця сельскай гаспадаркі — існуючая форма уласнасці: сёння ў краіне няма эфектыўнага ўласніка (95% зямлі належыць дзяржаве), які мог бы ў масавым парадку кіраваць галіной, — кажа Мігурскі. — Варта заўважыць, што фермерскія гаспадаркі маюць рэнтабельнасць на 40% вышэй, чым дзяржаўныя сельскагаспадарчыя арганізацыі».
Пры гэтым фермерскія гаспадаркі не маюць роўнага з дзяржаўнымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі доступу да рэсурсаў, свабоды выбару рынкаў, абмежаваныя ў фінансаванні вытворчай дзейнасці, і, натуральна, яны не могуць канкураваць з дзяржаўнымі калгасамі і саўгасамі, адзначае эксперт «Народнай праграмы».
Разам з тым вядомы эканамісты Міхаіл Залескі заявіў, што «стан маралі і грамадства, які гістарычна склаўся ў Беларусі, непазбежна выкліча спробы злоўжывання прыватнай ўласнасцю на зямлю». Таму «неабмежаванае выкарыстанне зямлі павінна быць забаронена адпаведнымі законамі». А «базавым абмежаваннем на права валодання зямлёю ёсць прыналежнасць да нацыі і дзяржавы, як тое, напрыклад, патрабуецца ад кандыдата ў прэзідэнты Беларусі».
Эксперт лічыць, што паколькі падзеі апошніх ста гадоў у Беларусі канчаткова заблыталі размеркаванне земляў, што ўскладняе пытанне вызначэння законных уласнікаў, неабходна стварэнне нацыянальнай Камісіі па аграрнай рэформе. На працягу пяці гадоў камісія павінна правесці поўны улік размеркавання і выкарыстання карысных земляў і стварыць Рэестр, у каторым будзе зацверджаны сыходны стан (на дату завяршэння работы Камісіі) і распрацаваны парадак адлюстравання наступных змяненняў, што тычыцца межаў і ўласнікаў земляў.
Пасля завяршэння ўліку эксперт прапануе вынесці на нацыянальны рэферэндум пытанне аб рэстытуцыі ў наступнай фармулёўцы: «Зямля, якую адабралі ў сялян для стварэння „колхозов“, „совхозов“, „госхозов“ і іншых мэтаў СССР, БССР, Рэспублікі Беларусь, ці павінна быць вернута ўласнікам альбо іхнім спадкаемцам?»
Як бы на такое пытанне падчас плебісцыту адказалі вы?
Падрабязней пра пазіцыі экспертаў наконт зямельнай рэформы — тут.
