Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч у сваім звароце паведамляе, што З 2008 г. ТАА «Трайпл» праводзіць будаўніча-мантажныя працы па ўзвядзенню аб’екта «Жылы комплекс з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі, гаражом-стаянкай па вул. Старажоўскай у г. Мінску», які размяшчаецца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Квартал, які прымыкае да Траецкага прадмесця: будынкі і збудаванні, гістарычная планіровачная структуры, ландшафт, культурны пласт у г. Мінску (ХІХ ст., 1953 г.)» (Квартал абмежаваны вул. Архітэктара Заборскага, М.Багдановіча, Старажоўскай).
Падчас будаўнічых працаў пачалося разбурэнне побач размешчанай гісторыка-культурнай каштоўнасці — будынку друг. пал. ХІХ ст. па вул. Архітэктара Заборскага, 3, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад шыфрам 713Г000284. Па сценах будынка з’явіліся шматлікія трэшчыны, якія з часм павялічваюцца ў памерах, як па шырыні, так і па даўжыні.
Антон Астаповіч лічыць што дзейнасць ТАА «Трайпл» па ўзвядзенню аб’екта новага будаўніцтва пагоршыла тэхнічны стан гісторыка-культурнай каштоўнасці, што парушае пп. 1, 3 арт. 28 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».
Таму Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да Мінгарвыканкама с просьбай аб складанні пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні і пачаць падрыхтоўку спраў аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкулу 19.4 КААП да разгляду ў дачыненні да ТАА «Трайпл».
Адначасова старшыня Таварыства аховы помнікаў хадайнічае аб ажыццяўленні комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці — будынку друг. пал. ХІХ ст. па вул. Архітэктара Заборскага, 3, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад шыфрам 713Г000284, коштам ТАА «Трайпл», як прадпрыемства па чыёй віне пашкоджаны дадзены помнік архітэктуры.
