Валянціна выкладае ў берасцейскім музычным каледжы. Яна ніколі не думала, што жыццё можа ператварыцца ў бясконцыя судовыя працэсы. Адзіная віна жанчыны – яна жыве ў цэнтры гораду, па адрасе Астроўскага 10. У доме, які замінае супольным справам чыноўнікаў і бізнесоўцаў: «Мы трапілі ў сітуацыю, якая нас абурае і прыводзіць у адчай».
Усяго ў будынку 7 кватэраў, з іх толькі адна непрыватызаваная. Аднак мясцовыя ўлады цікавіць не права ўласнасці, а зямля ў цэнтры Берасця. У чэрвені старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар паведаміў жыхарам, што ажно два гады таму быў падпісаны інвестыцыйны кантракт з ТАА «Элэдзі» пра будаўніцтва на той зямлі, дзе стаіць іх дом. Пры гэтым адсяленцы не маюць права пабачыць гэтай дамовы, а могуць толькі перасяліцца на ўскраіну гораду. Рух «За Свабоду» пастанавіў бясплатна дапамагчы берасцейцам юрыдычна. Бо назіраецца сумная тэндэнцыя.
Дзяніс Турчаняк з Руху кажа: «Гэта другі зварот грамадзянаў у суд у аналагічным пытанні, і яшчэ дзве такія сітуацыі нам вядомыя, але да суду пакуль не даведзеныя».
Схема ўжо вядомая чыноўнікам. Дом у прывабным для інвестараў месцы абвяшчаюць аварыйным, людзей высяляюць, а потым можна рабіць што заўгодна. Гэтак ужо знішчылі некалькі будынкаў старога гістарычнага Берасця.
Старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч: «Дом, пра які ідзе гаворка, з’яўляецца помнікам архітэктуры, і яго не толькі будуць перабудоўваць, рэстаўраваць. Яго проста будуць зносіць і будаваць штосьці новае».
Ужо вядома, што: дом павышанага камфорту – для грамадзянаў павышанай вартасці. Хаця Валянціна яшчэ спадзяецца пабачыць роўнасць людзей перад законам: «Знайсці агульную мову з гарадскімі ўладамі, якія пачуюць грамадзянаў, іх памеры, іх памкненні, іх сем’і, у якіх мы гадуем дзяцей».
Гэтая справа мусіць прыцягнуць увагу не толькі журналістаў, мяркуе кіраўнік Руху «За Свабоду»: «У нас няма доказаў, што гэта карупцыйная схема, гэта адмыслова трэба займацца, але падазрэнняў тут даволі шмат».
Напрыклад, адсяленне праводзяць за бюджэтны кошт. Хаця паводле закону плаціць мусіць інвестар – фірма «Элэдзі», пераконвае Турчаняк:: «Іначай, як перадзелам уласнасці назваць гэта немагчыма. Але самае парадаксальнае тое, што займаюцца гэтым дзяржаўныя чыноўнікі».
Наступнае паседжанне паводле справе пройдзе ў судзе Ленінскага раёну 8-га лістапада. //"Белсат"
