Нагадаем, былы шарж-дафэ польскай амбасады ў Менску заклікаў ЭЗ не спыняць кантакты зь Беларусяй. Сытуацыя на ўсходзе Эўропы ідзе ў дрэнным напрамку – узмацняецца расейскі рэваншызм, які і антыдэмакратычны, і нэаімпэрскі, піша Аляксандар Мілінкевіч. Усходняе партнэрства ня мае шмат посьпехаў, паколькі Расея эфэктыўна блякуе яго ініцыятывы й стараецца ўцягваць дзяржавы партнэрства ў зону ўласных уплываў. Не шкадуючы сродкаў, Масква купляе сабе ўладу й чыноўнікаў на постсавецкай прасторы.
Прычынай паразаў палітыкі ЭЗ адносна былых савецкіх рэспублік зьяўляецца непасьлядоўнасьць, у адрозьненьні ад Масквы, якая ажыцьцяўляе адну стратэгію: супраціў дэмакратызацыі ды эўрапеізацыі. Масква вяртаецца да імпэрыі, але камунізм замяняе алігархіяй. Галоўным элемэнтам стратэгіі ЭЗ павінна быць церпялівасьць. Перабудова постсавецкай мэнтальнасьці расьцягнецца на цэлыя пакаленьні, а тэндэнцыі про- і антыэўрапейскія будуць пераплятацца. Але Зьвяз ня можа ставіць справу рубам: калі ня хочаце з намі, то да пабачэньня.
Адбудова расейскай імпэрыі ня толькі перашкаджае дэмакратыі ў нашай частцы Эўропы, але таксама шкодзіць самой Маскве, паколькі яна аддаляецца ад Эўропы, а нават канфліктуе з ёю. Ролю Польшчы ў вяртаньні Беларусі ды іншых краін у Эўропу цяжка пераацаніць. Ніхто іншы не зрабіў так шмат, каб беларускую тэматыку пачулі ў Брусэлі. Словы Гедройця пра тое, што незалежныя Беларусь і Ўкраіна – гэта падстава бясьпекі Польшчы, цяпер актуальныя, як ніколі раней. Неабходна мець рэальныя інструмэнты націску на тых, хто прымае рашэньні ў Беларусі, асабліва калі гаворка ідзе пра незалежнасьць. Такіх інструмэнтаў сёньня практычна няма, таксама, як і кантактаў паміж уладамі Польшчы й Беларусі. Зразумела, Лукашэнка ня можа быць гарантам незалежнасьці Беларусі, у дзяржаве пануе аўтарытарны лад, але гэта не азначае, што Польшча павінна адмаўляцца ад эканамічнага ці культурнага супрацоўніцтва.
Павінен быць шырокі дыялёг, але ўмовай яго пачатку павінна быць вызваленьне палітвязьняў. Лёс Беларусі будзе вырашацца “пасьля” Лукашэнкі. Але, каб выбар беларусаў быў на карысьць Эўропы, у народзе ды ўладах павінна дамінаваць пачуцьцё сымпатыі да Эўрапейскага Зьвязу. Без дыялёгу сёньня гэта будзе нерэальна заўтра. Ніхто ня зробіць з Лукашэнкі дэмакрата – гэта немагчыма, але такі дыялёг дасьць Эўропе інструмэнты ўплыву на ўлады й зьмяншэньня рэпрэсій. //Польскае радыё для замежжа
