— Не выключаю, што з эканамічных санкцыяў будзе ўжыта прыпыненне крэдытавання еўрапейскімі банкамі і Міжнародным валютным фондам, — зазначыў Андрэй Фёдараў у каментары для Pyx.by. — Гэтага можна чакаць, а вось астатнія прапановы Еўрапарламента наконт эканомікі наўрад ці будуць прынятыя.
Канешне, беларускія ўлады больш за ўсё баяцца эканамічных санкцыяў. Але гэтага, я ўпэўнены, не будзе. Тут небяспека для Еўропы можа быць большай, чым меркаваныя станоўчыя вынікі. Не трэба забываць пра транзіт праз Беларусь газу, нафты, прадуктаў перапрацоўкі і г.д. Акрамя таго, эканамічныя санкцыі наўпрост штурхнуць Беларусь у абдымкі Масквы. А яна будзе ціснуць на Беларусь зусім не так, як Еўрасаюз, і зусім з іншымі мэтамі.
Што да нервовай рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі, які паабяцаў адэкватныя меры ў адказ на санкцыі, то, як нагадвае Андрэй Фёдараў, ён заўсёды даволі эмацыйна ўспрымае спробы знешняга ціску.
— Успомнім 2006 год — рэакцыя была амаль такая самая. Я мяркую, для яго непрыемна ўсё. І нават гэтыя візавыя абмежаванні, якія стоадсоткава будуць уведзеныя, калі Мінск не выканае ўмовы ЕС, і пакуль віртуальная забарона на правядзенне Чэмпіянату свету па хакею ў Беларусі. Гэта гульня на нервах беларускага кіраўніка з боку Еўропы.
Каментуючы меркаванні, што Аляксандр Лукашэнка ўсё ж саступіць пад ціскам з усіх бакоў і вызваліць палітвязняў, Андрэй Фёдараў заўважыў:
— Пакуль, на маю думку, нічога не сведчыць пра тое, што Лукашэнка хутка вызваліць арыштаваных. Мо толькі праз пэўны час і на чыюсьці просьбу, але сам ён губляць твар не захоча. Я не думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Месяц-два — як мінімум.
