Ці можна ўявіць такую сытуацыю?
Рэдактар часопіса “Расея ў глябальнай палітыцы” Фёдар Лук’янаў кажа, што цяжка ўяўляе: “Нават калі лічыць, што лёс Баўмгэртнэра яго пэрсанальна ня вельмі моцна хвалюе, аднак з гледзішча дзяржаўнага прэстыжу гэтая сытуацыя дрэнная для Пуціна. Думаю, гэта стане сур’ёзнай падставай для абдумваньня”.
Менскі палітоляг, сябра Рады Руху “За Свабоду” Андрэй Фёдараў: “Пуцін жа павіншаваў Лукашэнку з днём нараджэньня пры ўсіх не да канца зразумелых акалічнасьцях, у момант, калі Баўмгертнэр знаходзіўся ў турме.
А чаму мы зыходзім з таго, што беларускі бок зусім беспадстаўна абвінавачвае Баўмгертнэра? Нельга выключаць, што той сапраўды ў чымсьці вінаваты. І доказы будуць прад’яўленыя расейскаму боку. У такім выпадку Пуціну нішто ня будзе перашкаджаць прыехаць у Беларусь”.
Што да сытуацыі агулам, то “афіцыйны Менск лічыць, што Беларусь пацярпела як маральна, так і матэрыяльна. Ён хваравіта ўспрымае сытуацыю, калі лічыць, што яго падманулі”.
“І хоча нейкім чынам гэта кампэнсаваць. Валюта Беларусі цяпер крытычна патрэбная. Страта нават 100 млн даляраў у сёньняшняй сытуацыі — гэта істотны ўдар”, - заўважае экспэрт.
