Пра адказнасць
Кожны грамадзянін Беларусі нясе адказнасьць за сытуацыю ў краіне: і тыя, што падтрымліваюць рэжым, і тыя, што зь ім змагаюцца, і тыя, што ўзурпавалі уладу.
І я нясу вялікую адказнасьць і ведаю, што ізаляцыя, або самаізаляцыя нашай дзяржавы вядзе да страты незалежнасьці. Дыялёг з Эўразьвязам нават пры Лукашэнку патрэбны беларусам, каб жыць у сваёй краіне, а не ў чужой.
Пра ўдзел у выбарах
Я ужо ня раз казаў, што не выстаўляў сваю кандыдатуру, бо не хацеў быць дзесятым незалежным кандыдатам і змагацца не з Лукашэнкам, а са сваімі партнэрамі па апазыцыі за другое месца. Акрамя таго, лічыў, што мы усе мусім выставіць уладзе цьвёрдую і ясную умову нашага ўдзелу. Напрыклад, такую: «Лічым галасы разам»...
Я гатовы ўдзельнічаць у чарговых і пазачарговых выбарах, калі тое будзе патрэбна для нашае беларускае справы.
За каго галасаваў
Галасаваць на гэтых выбарах я мог на сваёй радзіме ў Берштах, гэта 240 км ад Мінска. Я рашыў не губляць час, бо ведаю, што робіцца з нашымі галасамі пры «падліках».
Пра падзеі 19 снежня
На Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня я быў. На плошчу Незалежнасьці не хадзіў таму, што гэта быў чужы сцэнар. І я не раз аб гэтым папярэджваў. Ад ягонай рэалізацыі выйграла не Беларусь...
Ці чакаў правакацый? Чакаў і гаварыў пра іх яшчэ летам. Пра магчымасьць выбухаў, зьбіцьця, разьбіцьця шыбаў. Бо зразумела было — ёсьць шмат сілаў і унутры краіны, і за межамі, якім недаспадобы нават павярхоўная лібэралізацыя, наша збліжэньне з аб’яднанай Эўропай.
Што да рэжыму. Ён проста ізноў выбраў татальны кантроль над грамадзтвам, а ня рух да эўрапейскай цывілізацыі.
Пра эўраінтэграцыю
У нашай геапалітычнай і эканамічнай сытуацыі важна імкнуцца ў Эўразьвяз, як гэта зрабілі або робяць усе без выключэньня краіны былога сацлягеру. Плюсаў ад сяброўства ў ЭЗ непараўнальна больш, чым мінусаў.
Пра санкцыі
Ня трэба спадзявацца, што выключна Эўропа нам дапаможа. Галоўнае — гэта тое, што мы самі думаем, разумеем, робім. Рэжымы вельмі часта існуюць таму, што большасьць грамадзянаў да іх прыстасоўваецца. Ці ня так у нас?
Падтрымка дэмакратычных краінаў для нас, тых, што хочуць жыць годна і сумленна, вельмі важная.
Пра лукашызм і мэнталітэт
Галоўная ж бяда і праблема Беларусі не Лукашэнка, а тое, што робіцца ў галовах людзей, ў постсавецкім мысьленьні, патэрналісцкім мэнталітэце. У краіне не адзін дыктатар, а дзесяткі тысячаў у розумах нашых людзей. А Лукашэнка і лукашызм — гэта наступствы такога мэнталітэту.
Пра выбары без Лукашэнкі
Чэсныя выбары ў Лукашэнкі патрабаваць бессэнсоўна. Ён іх ужо ніколі не выйграе, таму і не правядзе. Яны адбудуцца пасьля ягонага зыходу.
Цалкам адказы Аляксандра Мілінкевіча на пытаньні слухачоў радыё Свабода" можна паглядзець тут.
