Новости Новости Движения

Мілінкевіч: Гэта рэзалюцыя страчаных магчымасцяў

Мілінкевіч: Гэта рэзалюцыя страчаных магчымасцяў

4956 просмотров
Самая вялікая палітычная група Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя (ЕНП) — прадставіла свой, беспрэцэдэнтна жорсткі, варыянт рэзалюцыі па Беларусі. З улікам тэкстаў іншых палітычных груп еўрапарламентарыі прымуць узгоднены дакумент 20 студзеня.

Варыянт рэзалюцыі ад дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі заклікае Савет Міністраў ЕС, Еўракамісію і Высокага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы, сярод іншага:

— Замарозіць усю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі;

— Замарозіць удзел Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве да станоўчых зменаў, «пачынаючы з безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі»;

— Перагледзець палітыку ЕС да Беларусі ўключна з эканамічнымі адносінамі, падтрымаць развіццё дэмакратыі праз павялічэнне фінансавай падтрымкі незалежным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці, колькасці стыпендый для выключаных беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;

— Абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да «абсалютнага мінімуму»;

— Неадкладна вярнуць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, уключна з прадстаўнікамі судоў і спецлужбаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і паслявыбарныя рэпрэсіі ды арышты сябраў апазіцыі;

— Замарозіць маёмасць «Белтэхэкспарта» і іншых беларускіх экспарцёраў узбраення і ваеннай тэхнікі;

— Паскорыць працу ў сферы аблягчэння візавага рэжыму і рэадмісіі, з тым каб аблегчыць кантакты паміж людзьмі.

Апрача таго, варыянт рэзалюцыі ад ЕНП:

— Асуджае арышты і затрыманні больш за 700 дэманстрантаў і 7 з 9 кандыдатаў, запужванне грамадзянскай супольнасці праз масавыя ператрусы ў прыватных кватэрах, офісах СМІ і няўрадавых арганізацыях, ужыванне брутальнай сілы з боку міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў да дэманстрантаў, а ў асаблівасці выражае «сваё абурэнне брутальнай атакай на Някляева»;

— Асуджае абмежаванне доступу адвакатаў да зняволеных і непрадстаўленне зняволеным медыцынскай дапамогі;

— Запрашае міжнародных партнёраў ЕС заняць падобную пазіцыю да беларускага рэжыму і заклікае далучыцца да стварэння міжнароднай камісіі па аб’ектыўным і дэталёвым расследаванні падзеяў 19-20 снежня;

— Выражае меркаванне, што спартовыя мерапрыемствы кшталту Чэмпіянату свету па хакеі-2014 не мусяць праводзіцца ў Беларусі, калі ў краіне будуць палітычныя зняволеныя;

— Заклікае Еўракамісію скасаваць дапамогу дзяржаўнымі СМІ Беларусі.

У сваім варыянце рэзалюцыі Еўрапейская народная партыя заклікае беларускія ўлады правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары. У дакуменце прыводзяцца вытрымкі з папярэдняга заключэння назіральніцкай місіі АБСЕ, паводле якіх працэс падліку галасоў «значна пагоршыў агульны працэс галасавання».

Там, сярод іншага адзначаецца: «У шматлікіх выпадках назіральнікі былі абмежаваныя і не мелі магчымасці назіраць за падлікам. У некаторых выпадках лічбы, запісаныя ў выніковых пратаколах выбарчых участкаў, адрозніваліся па прыбыцці ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі».

Свае варыянты рэзалюцыі па Беларусі прапануюць і іншыя палітычныя групы Еўрапейскага парламента: сацыялістаў ды лібералаў, падае Еўрарадыё. Прадстаўленыя імі варыянты таксама даволі жорсткія, большасць пунктаў супадаюць з меркаваннем Еўрапейскай народнай партыі. 20 снежня Еўрапарламент прагаласуе па ўзгодненым усімі палітычнымі групамі дакуменце.

Варыянт рэзалюцыі ад Еўрапейскай народнай партыі, які, па ўсім, стане асновай дакумента, што прыме Еўрапарламент, у інтэрв’ю Pyx.by пракаментаваў лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч (Рух — партнёр ЕНП).

Канчатковае рашэнне па захадах ЕС будзе за Еўракамісіяй, аднак збольшага пункты рэзалюцыі могуць быць увасоблены ў канкрэтныя дзеянні, лічыць Мілінкевіч.

Дастаткова верагоднымі ён называе нават выключэнне Беларусі з буйных спартовых спаборніцтваў, хаця непасрэднае рашэнне наконт гэтага будзе прымаць не Еўракамісія, а па яе рэкамендацыі міжнародныя спартовыя структуры: «Прыклад адносна свежы ёсць. Такая санкцыя прымалася ў свой час супраць Мілошавіча, калі на фінал чэмпіяната Еўропы па футболе ў 1992 годзе замест Югаславіі паехала Данія. Гэта моцная рэзанансная мера. І заўзятары, і спартсмены будуць разумець, што то не Захад ізаляцыянуе нас, а гэта пакаранне за парушэнне правоў чалавека».

Наогул жа лідэр Руху «За Свабоду» называе адозву Еўрапарламента «рэзалюцыяй страчаных магчымасцяў». Па яго словах, «гаворка там будзе весціся не пра пугу, а пра страчаны пернік — страчаныя магчымасці для мадэрнізацыі краіны праз спыненне фінансавай дапамогі і замарожванне ўдзелу ва „Усходнім партнёрстве“. І персанальная адказнасць за гэта ляжыць на ўладзе».

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости