Рэжым Лукашэнкі стварае небясьпеку для Эўропы – заявіў Андрэй Саньнікаў, выступаючы на Ўсходнеэўрапейскай канфэрэнцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Кіраўніцтва Беларусі праводзіць антызаходнія вайсковыя вучэньні на сваёй тэрыторыі й разьмяшчае расейскія вайсковыя базы. Апазыцыйнага палітыка зьдзіўляе, чаму Захад на гэта не рэагуе. Пра пагрозы, якія сыходзяць ад сёньняшніх беларускіх уладаў, а таксама пра грамадзкія настроі ў Беларусі Польскае радыё размаўляе з удзельнікамі круглага стала па беларускай тэматыцы: Андрэем Саньнікавым, Аляксандрам Мілінкевічам і Станіславам Шушкевічам.
Андрэй Саньнікаў перакананы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўяўляе небясьпеку для Эўропы й тлумачыць, у чым гэтая небясьпека праяўляецца.
А. Саньнікаў: Знаходжаньне такога дыктатарскага рэжыму ў цэнтры Эўропы стварае небясьпеку. Ён можа гандляваць зброяй, падтрымліваць сяброўскія рэжымы, як гэта было ў Лібіі й Вэнэсуэле. Я думаю, Захад мае больш інфармацыі, чым маем мы, наконт таго, наколькі небясьпечны беларускі рэжым, які здольны падрываць існуючы рэжым кантролю за ўзбраеньнямі.
Любая дыктатура небясьпечная сваёй непрадказальнасьцю – камэнтуе меркаваньне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава кіраўнік Руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч.
А. Мілінкевіч: Дыктатура сама па сабе непрадказальная і дэстабілізуючая, ня толькі для сваіх людзей. Дыктатуры могуць трымацца доўга, але ад іх немінучага абвалу церпяць усе – у тым ліку суседзі. Так, для Захаду гэтая дыктатура небясьпечная. Але ня менш небясьпечная расейская дыктатура, ёсьць яшчэ дыктатура азэрбайджанская... Дэмакратыя для Эўропы – гэта ня проста сымбаль. Гэта магчымасьць мець прадказальных суседзяў.
А вось Станіслаў Шушукевіч перакананы, што рэальную пагрозу кіраваньне Лукашэнкі прадстаўляе не для Захаду, а для саміх беларусаў, асабліва цяпер.
С. Шушкевіч: Людзі ў Беларусі, ў якой стартавыя ўмовы былі лепшыя, чым у Польшчы й краінах Прыбалтыкі, сёньня жывуць горш, чым у гэтых краінах. Гэта можна ўбачыць на розных паказчыках: ВУП на душу насельніцтва, цэнах у крамах, сярэднім заробку й сярэдняй працягласьці жыцьця. Кіраўніцтва краінай ажыцьцяўляецца дрэнна. Ад працягу гэтага працэсу пагроза ёсьць толькі беларусам. Захаду ад гэтага пагрозы няма.
Большасьць удзельнікаў круглага стала мяркуюць, што цяперашні сацыяльны спакой у Беларусі – даволі хісткі. Эканамічныя праблемы могуць прывесьці да хвалі пратэстаў, хаця б такой, якая пракацілася па краіне пасьля дэвальвацыі 2011 году. Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч.
А. Мілінкевіч: Прычыны й час сацыяльных пратэстаў цяжка прадказаць. Эканоміка можа выбухнуць і зьмесьці дыктатуру. Застаецца толькі спадзявацца, што такі крызыс будзе з добрым вынікам– бо часамі крызысы пагаршаюць становішча з дэмакратыяй. Крызыс можа быць справакаваны штучна. Напрыклад, Расея раззлуецца на Лукашэнку й павысіць цану газу на 20% – тады нашай эканоміцы прыйдзе канец. Мне хацелася б, каб мы магі прадказаць вынікі пратэстаў, а пасьля Лукашэнкі сталі больш дэмакратычнымі й бліжэйшымі да эўрапейскай цывілізацыі.
Аднак Станіслаў Шушкевіч лічыць, што ніякіх пратэстаў чакаць ня варта.
С. Шушкевіч: Ніякага абуджэньня грамадзкай актыўнасьці чакаць ня трэба. Бо ў нас, як у гітлераўскія часы: усе падтрымлівалі Гітлера, таму што гебэльскаўская прапаганда працавала нядрэнна. А ў Беларусі дзяржаўная прапаганда працуе так, як гебэльскаўская.
Ці ёсьць у апазыцыі сілы, каб узначаліць грамадзкую актыўнасьць? Андрэй Саньнікаў, перакананы, што апазыцыйныя палітыкі на гэта здольныя.
А. Саньнікаў: Тая апазыцыя, якая прытрымліваецца прынцыповых пазыцыяў, мае магчымасьць узначаліць пратэсты. А тых, хто пайшлі на калябарацыю з рэжымам й пачалі заклікаць Захад, каб ён заплюшчыў вочы на рэпрэсіі й працягваў з Лукашэнкам дыялёг – я нават апазыцыяй не магу назваць.
Пра моц прадэмакратычнай часткі грамадзтва сьведчыць тая хваля салідарнасьці і ўзаемнай падтрымкі, якая ўзьнікла пасьля масавых арыштаў у 2010 годзе – падкрэсьлівае Андрэй Саньнікаў.
Аляксандар Мілінкевіч у сваю чаргу сьцьвярджае, то грамадзтва ўсё менш давярае як ўладам, так і апазыцыйным палітыкам.
А. Мілінкевіч: Многія заслужаныя дзеячы са старой апазыцыі зьняверыліся й стаміліся, дэмакратычных актывістаў у краіне стала менш – асабліва пасьля 2010 году. Аднак актывісты ёсьць. Аднак самае галоўнае – гэта ня колькасьць. Праблема ў тым, што ў беларускую апаўзыцыю людзі ня вераць, як перастаюць верыць Лукашэнку, так і нам. Мы павінныя заваяваць давер людзей. Яны павінныя паверыць, што мы можам прыстойна, без крывавых рэвалюцыяў правесьці рэформы, пра якія людзі мараць. Большая частка людзей хоча рэформаў.
Кіраўнік Руху "За Свабоду" падкрэсьліў, што 70% беларусаў жадаюць пераменаў, і распавёў, якіх пераменаў перадусім чакаюць людзі.
А. Мілінкевіч: Мы аб’ехалі некалькі вобласьцяў. Людзі паўсюль пытаюць пра адно і тое ж. На першым месцы заўсёды эканоміка – людзі падкрэсьліваюць, што ў ёй маса праблемаў. Другое пытаньне – пра ахову здароўя. Людзі ў малых гарадах кажуць, што ня могуць атрымаць нармальнае лячэньне, таму што мэдыцына бедная. Скардзяцца на адукацыю: ня можам дзяцей вывучыць. Калі ў сям’і два дзіцяці, то вывучыць іх – трагедыя, бо амаль ўся адукацыя ў краіне платная. Дзяржава ня можа быць бізнэсмэнам на адукацыі. Яна ж падаткі дзеля гэтага зьбірае! Кажуць пра пэнсіі. Гавораць яшчэ пра адну важную рэч: "Хочам выбіраць кіраўнікоў: мэра горада, кіраўніка раёна – бо яны нас абсалютна ня слухаюць."
"Каб заваяваць давер беларусаў, апазыцыйныя палітыкі павінныя пераканаць людзей, што яны ведаюць, што зьмяняць у краіне, як зьмяняць і хто будзе праводзіць рэформы", – заявіў Аляксандар Мілінкевіч. "У пляне рэформаў нічога новага выдумляць ня трэба" – , заявіў на гэты конт Андрэй Саньнікаў. Беларусь можа скарыстацца з багатага досьведу краінаў, якія выйшлі з камунізму й пабудавалі пасьпяховую рынкавую эканоміку ды дэмакратычную дзяржаву – падкрэсьліў ён.
Аляксандар Папко
