Перад прысутнымі выступілі кіраўнік Баранавіцкага ТБМ, сябра Рады Руху "За Свабоду" Віктар Сырыца, намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, вядомы ў Баранавічах краязнаўца, які шмат зрабіў для ўшанавання слынных землякоў, Міхась Бернат. Пра мастацкае ўвасабленне паўстання 1863 года і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага распавяла Анжаліка Камбалава. З цікавай прамовай, аздобленай вершамі выступіў кандыдат гістарычных і філалагічных навук Язэп Янушкевіч.
Удзельнікі імпрэзы змаглі прыняць удзел у віктарыне, прысвечанай паўстанню Касутся Каліноўскага, надпісаць паштоўку палітвязню, скарыстаўшыся "поштай касінераў", атрымаць прыгожыя паштоўкі і буклеты, а таксама адмысловы нумар газеты "Мужыцкая праўда", а таксама пачаставацца караваем і квасам, прыгатаванымі ў палявых умовах кашай і аладкамі. Не абышлося без традыцыйнага шведскага стала з бутэрбродамі.
Мастацкую частку імпрэзы склалі амаль паўнавартасныя канцэрты бардаў Змітра Бартосіка і Віктара Шалкевіча і рэканструкцыя двубояў Баранавіцкага рыцарскага клуба "Шляхецкая застава".





















