У Мілавіды прыехалі актывісты з Мінска і Баранавіцкага раёну на аўтобусах і аўтамабілях. Паездку і святкаванне арганізаваў Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду». Прыехалі таксама сталічныя мастакі. Гераічны ўчынак паўстанцаў ушаноўвалі каля паўтары сотні чалавек.
З уступным словам на правах гаспадара выступіў актывіст Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца. Людзі запалілі знічы, усклалі кветкі і вянкі каля каталіцкай капліцы і валуна з шыльдай пра Мілавідскую бітву. Апошні помнік намаганнямі актывістаў быў пастаўлены ў 1990 годзе. Алесь Марачкін, Мікола Купава, Алесь Мара і іншыя мастакі ўсклалі да помніка ўласнаручна зроблены вянок з дубовых галінак, пераплецены бел-чырвона-белай стужкай.
Прысутныя ў гонар загінулых паўстанцаў праспявалі гімн-малітву «Магутны божа».





