Гэтае падарожжа было адметнае не толькі цікавым маршрутам, але і прэзентацыяй мультымедыйнага дыска з навукова-праектнымі працамі архітэктурнай секцыі БДТАПГК, паведамляюць Naviny.by.
У ролі экскурсавода «Падарожжаў у Еўропу» нязменна выступае сябра Рады Руху «За Свабоду», старшыня таварыства Антон Астаповіч. І кожны раз ён здзіўляе ўдзельнікаў вандровак цікавасцямі пра цудоўныя сваёй малавядомасцю мясціны Беларусі. Ну а чаму серыя экскурсій атрымала такую назву — «Падарожжы ў Еўропу»? Таму, што Беларусь была, ёсць і будзе часткай Еўропы.
Па словах арганізатара вандровак, каардынатара Руху «За Свабоду» па Мінску Юрыя Меляшкевіча, у мінулым годзе было семь падарожжаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 430 чалавек. У гэтым сезоне таксама запланавана семь экскурсій, дзве вандроўкі ўжо адбыліся.
На гэты раз вандроўка мела назву «Дняпроўска-Сожскае міжрэчча»: Рагачоў — Доўск — Слаўгарад — Лясная (мемарыял у памяць бітвы пад Лясной (1708 г.) — Быхаў — Грудзінаўка (палацава-паркавы комплекс Талстых пач. 19 ст.).
Не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтым разам вялікае ўражанне вандроўшчыкі атрымалі яшчэ і ад паводкі. Хоць з’ява лічыцца прыродным катаклізмам, але якая гэта прыгажосць — вялікая вада!
На шляху падарожнікаў было шмат старых паштовых станцый, дзе нашы продкі мянялі коней. Цяпер гэтыя моцныя яшчэ будынкі ў заняпадзе, а маглі ж быць аб’ектамі прыдарожнага сервісу, аб атсутнасці якога ўжо і гаварыць няёмка.
У Быхаве мясцовая моладзь палічыла, што «минчане сдурели: приехали в эту дыру», затое жыхары Грудзінаўкі, ідучы на вячэрні шпацыр у панскі парк, прівітальна махалі рукамі нашаму двухпавярховаму аўтобусу.
У вялікім перапынку ў час пераездаў паміж кропкамі маршрута Антон Астаповіч наладзіў нефармальную прэзентацыю мультымедыйнага дыска з навукова-праектнымі працамі архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Дыск складаецца з чатырох раздзелаў — «Берасце», «Жыдоўская спадчына», «Магілёў» і «Мінск». Усяго 29 праектаў, з іх 14 — канчаткова завершаны, астатнія знаходзяцца ў распрацоўцы.
З «Жыдоўскай спадчыны» асобна хацелася б распавесці пра сінагогу ў вёсцы Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Калі Лужкі былі мястэчкам, то ў сінагоге дзейнічаў хедэр — пачатковая школа па вывучэнню Торы і Талмуда. Менавіта тут першасную рэлігійную адукацыю атрымаў Эліэзер Бен-Іегуда (Перэльман) (1859, Лужкі — 1922, Іерусалім) — заснавальнік сучаснага іўрыту.
Сінагога ў Лужках спыніла сваю дзейснасць у ліпені 1941 года, калі ў мястэчку нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі гета. Летам 1942 года мясцовыя габрэі пад узброенай вартай пайшлі ў свой апошні шлях па брукаванай дарозе уніз ад сінагогі да вялікай ямы...
Пасля вайны ў памяшканні сінагогі працавала газавая крама. З
Сябры архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануюць эскізны праект, распрацаваны ў якасці інвестыцыйнай праграмы па рэканструкцыі і аднаўленню руінаў былой сінагогі з прыстасаваннем пад музейна-культурны цэнтр імя Эліэзера Бен-Іегуды.
Вёска Лужкі зараз мае статус аграгарадка, але ў ёй вельмі трывалы дух мінулых часоў, таму можна не сумнявацца, што пры наяўнасці такога цэнтра яна стала бы папулярным турыстычным аб’ектам.
У раздзеле «Мінск» прапануецца пераўтварыць Бернардынскі кляштар у гасцініцу і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння.
Вельмі амбітная і цікавая ідэя аднаўлення Дамініканскага касцёла. Гэты прыгожы будынак у стылі барока быў ўзяты пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры яшчэ ў ліпені 1926 года. Пад час нямецка-фашысцкай акупацыі Мінска будынак касцёла моцна пацярпеў. У канцы
Адноўлены касцёл Антон Астаповіч з калегамі прапануе прыстасаваць як «канцэртную залу для двух вядучых музычных калектываў Рэспублікі Беларусь» — Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Можа, хто скажа, што такія планы — пустое пражэкцёрства. Асабліва, калі ўлічваць, што дзяржава да аднаўлення гістарычных будынкаў і да захавання гістарычнай спадчыны наогул падыходзіць выключна са спажывецкага пункта гледжання. Але і дзяржава час ад часу вымушана прыслухоўвацца да грамадскай думкі, асабліва калі да гэтай думкі яе падводзяць з упартасцю, якая ёсць у абаронцаў гістарычнай спадчыны з каманды Антона Астаповіча.

