Новости Аналитика

Мілінкевіч: Нас шмат, а гэтая ўлада ўсё больш сама па сабе

Мілінкевіч: Нас шмат, а гэтая ўлада ўсё больш сама па сабе

4974 просмотра Брюссель
Кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більдт у інтэрв’ю EUObserver паведаміў, што Аляксандру Лукашэнку і дзясяткам афіцыйных асоб, датычных да рэпрэсій пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня, будзе забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу.

«Мы павінны трымацца логікі нашай жа палітыкі, — сказаў дыпламат. — Калі не было палітычных зняволеных, мы зрабілі пазітыўныя крокі». Маецца на ўвазе адмена візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, у свой час трапіўшых у «чорны спіс».

«Зараз жа маецца значна больш палітычных зняволеных, і тыя, хто садзейнічаў гэтаму, непазбежна вернуцца назад у спіс», — заявіў шведскі міністр.

Што тычыцца ўласна Лукашэнкі, то Карл Більдт сказаў, што «вельмі верагодна, што ён быў уцягнуты ў тыя дзеянні, якія мелі месца».

EUObserver піша, што пасольствы краін ЕС у Мінску рыхтуюць спіс са 100 чалавек, які будзе разгледжаны на пасяджэнні камітэта ЕС па палітыцы і бяспецы ў пятніцу, 7 студзеня, у Бруселі.

Некаторыя краіны ЕС, напрыклад, Чэхія, настойвалі на правядзенні тэрміновай сустрэчы міністраў замежных спраў для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі — на наступным тыдні. Аднак з ініцыятывы Германіі і Швецыі было вырашана пачакаць пасяджэння міністраў замежных спраў, запланаванага на 31 студзеня. Тады спіс чыноўнікаў, якія падпадуць пад візавыя санкцыі, і можа быць зацверджаны.

Няма гаворкі цяпер, па словах кіраўніка шведскага МЗС, пра фінансава-эканамічную дапамогу, выдзяленне якой у памеры 3 мільярдаў еўра анансавалася напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі за тое, калі яны пройдуць сумленна.

Апрача таго, можа быць абмежаваны ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» і павялічана дапамога грамадзянскай супольнасці нашай краіны.

Разам наўрад ці ЕС пойдзе на суцэльнае непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, хаця маюцца ўсе прыкметы таго, што Лукашэнку не ўдалося атрымаць галасоў столькі, каб перамагчы ў першым туры, зазначае EUObserver. Бо шэраг краінаў ЕС апасаецца, што жорсткая абструкцыя з ізаляцыяй павялічыць уплыў на Мінск з боку Крамля.

У інтэрв’ю Pyx.by лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які бліжэйшым часам будзе мець сустрэчы з уплывовымі еўрапейскімі палітыкамі, назваў рэакцыю Еўрасаюза адэкватнай і адзначыў слушнасць аналізу сітуацыі, датычнай Беларусі, не толькі тут і цяпер, але і на перспектыву.

Разам з тым, кажа Аляксандр Мілінкевіч, беларусам варта спадзявацца не толькі на спрыянне з боку Еўропы, але перадусім на сябе. Таксама і ўладзе не выпадае чакаць на заплюшчванне вачэй еўрапейцаў праз «рэалпалітык».

«Беларусь адкінута ў стасунках з дэмакратычным светам на 10 гадоў назад. Рэжым супакойвае сябе і грамадзянаў: змірыцца — злюбіцца. Але не.Такога прэцэдэнта не было яшчэ ў сучаснай гісторыі Еўропы. Яшчэ выбары не скончыліся, а кандыдаты ў прэзідэнты са сваімі штабамі былі збітыя і змешчаныя ў турму КДБ. Дзіка выглядае для еўрапейца тлумачэнне, што невядомыя правакатары выбілі шкло ў вокнах і знішчылі дзверы Дома ўраду. А чаму тады апазіцыйным палітыкам пагражае да 15 гадоў турмы?» — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Па яго словах, кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што масавае збіццё мірных дэманстрантаў, пасадкі ў спецпрыёмнікі амаль 700 грамадзянаў, распачатыя ператрусы і канфіскацыі маёмасці ў еўрапейскіх сталіцах праглынуць і зноў пачнуць шукаць з намі кантакты:

«Прыедуць, паклоняцца, бо геапалітыка прымусіць, тая самая „рэалпалітык“. Як жа іх эканомікі без нас? Інтарэсы транзіту вышэй за правілы маралі, маўляў. Аднак памылачка выходзіць. Там у іх улада выбіраецца рэальна. Кожны палітык разумее, што калі пойдзе ён нават дзеля эканомікі сваёй краіны на саступкі „апошняй дыктатуры“, не абрацца яму наступным разам. Выбары ў дэмакратычным свеце — вялікае чысцілішча, суд народны, выхавацель палітыкаў. Плюс свабодныя медыя. Ды яшчэ апазіцыя ў парламенце сядзіць і ўвесь час крытыкуе. Нестыковачка выходзіць: тут Бацька ўсіх прыкрые, там народ рассудзіць. Не працуе нашая логіка, калі гаворка пра іхнюю. Нас чакае суровае пакаранне за нежаданне ўлады слухаць, вучыцца, думаць. Пакаранне за тое, што мы з большага працягваем жыць са словамі: „А што я магу адзін?“ Але можам, бо нас шмат, гэтая ж улада ўсё больш і больш сама па сабе».

Сяргей КАРЗЮК

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости