Лідэр праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, прэзентуючы сваю праграму ў якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на наступных выбарах, асобна закрануў пытанне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі ў краіне.
«Сродкі масавай інфармацы — чацвёртрая ўлада. Можа, самая важная ўлада. Медыя, журналісты будуць сапраўды вольныя, яны будуць адказваць не перад выканаўчай уладай і залежаць ад яе, а толькі перад законам, — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч. — Калі каму не падабаецца, як пішуць медыя, трэба звяртацца не да ўлады, а ў суд. Але я веру ў тое, што беларускія журналісты стануць побач з намі і будуць дапамагаць будаваць новую незалежную еўрапейскую Беларусь. Гэта вельмі важна, ваша праца для нас сёння — адна з асноўных. Я вам нізка кланяюся, віншую сёння з Сусветным днём свабоды прэсы ія хачу, каб вы былі свабодныя. Веру, што так хутка і будзе».
