Як паведамляе Радыё Свабода, прадстаўнікі праектных арганізацый і незалежныя экспэрты выказвалі сваё стаўленьне да небясспрэчных мэтадаў аднаўленьня цэнтру сталіцы.
Сэсію, правядзеньне якой некалькі разоў пераносілася, у прызначаны дзень ледзь не сарвалі. Некалькі дзясяткаў чалавек, якім у выніку татальнай перабудовы пагражае адсяленьне на пэрыфэрыю, атакавалі прадстаўнікоў забудоўшчыкаў. Пытаньне адно: які лёс чакае менчукоў, якім выпала нарадзіцца і жыць у гістарычным цэнтры? Амаль гадзіну ў памяшканьні панаваў балаган. Урэшце пастанавілі сабраць зацікаўленых жыхароў 26 студзеня, а паседжаньне працягнулася ў вузкім коле прафэсіяналаў.
Сябра праўленьня Беларускага саюзу архітэктараў Яраслаў Ліневіч запэўніў: «пад ключ» гістарычны цэнтар сталіцы будзе здадзены ў 2014 годзе, але яшчэ ёсьць час выправіць памылкі:
«За гэты час нашай фірмай „Мінская спадчына“ вельмі шмат зроблена. Па сутнасьці, яны павінны „пад ключ“ здаць у будучым годзе ўсю гістарычную частку сталіцы. Вядома, узьніклі многія цікавыя пытаньні, зьвязаныя з забудовай вось гэтай цэнтральнай часткі гораду Менску. Але я ўвесь час настойваю: дзеля таго каб вырашыць усе пытаньні цэнтральнага ядра гораду — а гэта ўсяго 1200 гектараў — патрэбна мець ня толькі цікавыя праекты, але і вялікія сумы грошай. Таму цяпер мы ставім пытаньне менавіта пад такім ухілам. У гэтым годзе мы атрымліваем заданьне на карэкцыю Генэральнага пляну гораду, зьвязаную зь некаторымі спрэчнымі момантамі. Вы ж самі чуеце, ведаеце, бачыце, як гэтая сытуацыя пэрыядычна ўзьнікае і мусіруецца на тэлебачаньні, у прэсе».
Галоўным апанэнтам у прадстаўнікоў дзяржаўных структураў быў актывіст Руху «За Свабоду», старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён нагадаў, што таварыства неаднаразова зьвярталася ў праваахоўныя органы пра грубыя парушэньні дэталёвага пляну, прынятага і зацьверджанага ў 2006 годзе. Але дагэтуль усё робіцца дзеля таго, каб праз фармальную працэдуру зацьвердзіць горадабудаўнічы акт, які легітымізуе ранейшыя парушэньні. На думку спадара Астаповіча, у такой сытуацыі неабходна ўвогуле спыніць усе працы і распачаць комплексную праверку:
«Першая наша прапанова: для пачатку, згодна з законам аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці, трэба прыпыніць усе працы ў гістарычным цэнтры, а затым пачаць комплексную праверку ўсіх парушэньняў і нанава запусьціць мэханізм комплексных навуковых пошукаў. І толькі на падставе праверкі, якую будуць праводзіць кантрольна-рэвізійныя і праваахоўныя органы, на падставе навуковых пошукаў у поўным аб’ёме, у тым ліку з археалягічна-архітэктурнымі абмерамі падземных канструкцый, чаго, на жаль, сёньня ніхто ня робіць (як на тэрыторыі Ніжняга і Верхняга рынкаў у жніўні мінулага году: вадавод клалі, падмуркі выходзяць вонкі, аднак ніхто іх не фіксуе, няма нават археалягічнага нагляду), можна будзе прыступаць да праектаваньня. Гэта будзе і мэтадалягічна, і ў прававым сэнсе правільна».
Галоўны архітэктар праектаў прадпрыемства «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў ня бачыць магчымасьці нешта карэктаваць па ходу дзеяньня, бо ўсе рашэньні да іх спускаюцца толькі пасьля экспэртнай ацэнкі:
«Мы бяром да ведама тыя рашэньні, якія ўжо прынятыя. Калі па нейкім канкрэтным будынку прынятае рашэньне Менгарвыканкаму, праведзена паседжаньне Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульту, і ўсё гэта зацьверджана самім Міністэрствам культуры, мы гэтыя рашэньні не абмяркоўваем і не камэнтуем. Ніколі ў горадабудаўнічым праектаваньні ніякіх ліставаньняў з арганізацыямі, якія парушылі, напрыклад, пракладку камунікацыяў ці зрабілі нейкія канструктыўныя зьмены, якія не адпавядаюць нормам, не было. Гэта не ўваходзіць у нашу кампэтэнцыю, гэта ня ёсьць нашай прафэсіяй».
Грамадзкія дзеячы б’юць трывогу ў сувязі з тым, што пад выглядам рэстаўрацыі ў цэнтры сталіцы ўсё часьцей руйнуюць каштоўныя аб’екты, а на месцы зьнішчаных помнікаў узводзяць муляжы, якія з клопатам пра захаваньне нацыянальнай спадчыны ня маюць нічога агульнага. Пра гэта ў часе дыскусіі гаварыў і архітэктар Ігар Байцоў:
«Вы кажаце, што калі гэта ўсё пабудуюць, туды мільёнамі хлынуць турысты, прывязуць нам горы грошай. Гэта калі спрошчана гаварыць. Але тое, што збудавана на Зыбіцкай, тое, што прыбудавана да Сьвята-Духаўскага храму, да праваслаўнага комплексу, што зроблена з фасадам Гандлёвай — гэта, па-вашаму, будзе спрыяць прытоку турыстаў? Што, разам з „цудам“ у выглядзе Нацыянальнай бібліятэкі ў Менск прыедуць тысячы і мільёны, каб паглядзець на гэта? Няма элемэнтарных прапрацовак, нават Генплян робіцца на плоскасьці, проста ў розным колеры, і потым вы гаворыце, што гэта будзе цудоўна выглядаць і сюды людзі пацягнуцца. Дзеля таго, каб гэта рабіць, трэба працаваць над сылюэтам гораду, працаваць над ахоўнымі зонамі. У вас жа над кожным старым домам навісае архітэктурны монстар — з аднаго боку, з другога боку. Няўжо турысты прыедуць на гэта глядзець? Калі ёсьць Вільня, Каўнас, калі ёсьць Варшава, Кракаў?»
Не разьвязвае цяперашняе дэталёвае плянаваньне і праблемы пераарыентацыі транспартных плыняў з цэнтральнай часткі гораду. Практычна пахаваная пэрспэктыўная ідэя загнаць транспарт у тунэль, вызваліўшы цэнтар пад пешаходную зону. Наадварот, як заўважыў архітэктар Лявонцій Зданевіч, узводзяцца новыя аб’екты, якія толькі абвостраць складаную сытуацыю:
«Тыя аб’екты, якія будуць рэалізоўвацца ў гістарычным цэнтры, іх яшчэ можна будзе потым неяк аналізаваць, магчыма, неяк кантраляваць той горадабудаўнічай радай, якой сёньня практычна няма. Спадзяюся, што гэта ўсё ж магчыма. Але што тычыцца транспартнай схемы, то тая структура, якую мы зараз закладаем, яна ж будзе вызначаць увесь астатні рух. Аднак я з выступаў зразумеў наступнае: якіх-небудзь радыкальных зьменаў, па сутнасьці, не прапанавана. Дакладней, быў аналіз нейкіх варыянтаў, але што прапануецца — дык гэта тое, што мы маем сёньня. У той жа час я знутры ведаю, бо штодня працую ў цэнтры: асноўную нагрузку не транзыт тут дае. Праблемы стварае той транспарт, які прыцягваюць аб’екты на гэтай тэрыторыі. Аднак гэтыя аб’екты тут будуць толькі множыцца, заплянавана нешта кшталту кангрэс-холу. Ці патрэбная нам яшчэ адна заля кангрэсу — я моцна сумняюся. Але вы сюды яго прывязваеце. У той жа час транспартная сытуацыя ў тым месцы сёньня абсалютна жахлівая, абсалютна невыносная».
Галоўны інжынэр прадпрыемства «Мінская спадчына» Міхаіл Жых лічыць перабольшанымі трывогі незалежных экспэртаў у сытуацыі з аднаўленьнем гістарычнага цэнтру Менску і кажа, што ўсе працы праведзеныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам. А кульмінацыяй праекту будзе стварэньне маштабнага музэйнага комплексу «Менскае замчышча» — з падземнай заляй-амфітэатрам, галерэямі, экспазыцыямі археалягічных знаходак:
«Абсалютна ўнікальнае рашэньне праекту па музэефікацыі. Тут будуць сабраныя ўсе археалягічныя прадметы, якія зьбіраліся на працягу 12 гадоў. Цяпер яны знаходзяцца ў запасьніках Інстытуту гісторыі, у запасьніках Музэю гісторыі, якія для гэтага не прызначаныя і якім мы сумеснымі намаганьнямі шукаем памяшканьне. Там няма тэмпэратурна-вільготнага рэжыму, неабходнага для захаваньня, няма ўмоваў для рэстаўрацыі, для рэканструкцыі. Усё гэтае багацьце, гістарычная спадчына — ня толькі нашага гораду, а ўсяго беларускага народу. Таму прынятае рашэньне сканцэнтраваць і граматна паказаць разьвіцьцё гораду, пачынаючы ад ХІІ стагодзьдзя. А зацыкліваць мэтадалёгію толькі на нейкім XVIII стагодзьдзі, як гэта многія намагаюцца зрабіць, няправільна. Мы цудоўна ведаем, якія знакавыя помнікі можна пакінуць на Замчышчы, але гэта ўсяго толькі пачатак ХХ — канец ХІХ стагодзьдзяў. Чатыры будынкі, яны былі цудоўныя, менчукі іх памятаюць. Але з дапамогай мэтадаў інтэрактыўнага паказу, прадугледжаных праектам музэефікацыі Замчышча, мы пакажам усю гісторыю нашага гораду».
Тым часам Антон Астаповіч адзначае, што ў новай вэрсіі дэталёвага пляну ідзе спроба легітымізацыі спрэчнага праекту асваеньня часткі Замчышча, і гэта можа стаць прававым падмуркам для рэалізацыі сумнеўнай задумы. Па словах спадара Астаповіча, праект парушае гістарычную пляніровачную структуру і не прадугледжвае аднаўленьня страчанай гістарычнай забудовы.



