Адрасаты — кіраўнікі Эўразьвязу
Герман ван Рампэй, Катрын Эштан, Штэфан Фюле,
19 снежня 2010 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Нягледзячы на некаторы прагрэс у атмасферы кампаніі, пры падліку галасоў былі зафіксаваныя сур’ёзныя парушэнні міжнародных стандартаў. Беларускія ўлады не забяспечылі справядлівы і празрысты выбарчы працэс.
Шматтысячная мірная маніфестацыя пратэсту супраць фальсіфікацыяў выбараў прэзідэнта скончылася неадэкватна жорсткім гвалтам пад прэтэкстам учыненай невядомымі асобамі правакацыі. Затрыманы больш за 600 дэмакратычных актывістаў, журналістаў і 5 кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца ў турме КГБ.
Звяртаюся да Вас з просьбай выказаць салідарнасць з ахвярамі палітычнага пераследу, запатрабаваць ад кіраўніцтва Беларусі неадкладнага вызвалення ўсіх вязняў сумлення і аб’ектыўнага расследавання выпадкаў выкарыстання гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў маніфестацыі.
У адказ на масавае парушэнне правоў чалавека Еўрасаюзу варта запрапанаваць беларускаму ўраду «нулявы варыянт»: адносіны Беларусі і Еўрасаюза аднаўляюцца толькі пасля вызвалення палітвязня Міколы Аўтуховіча, усіх затрыманых экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў, арыштаваных 19 снежня і пасля. Для працягу дыялогу з Еўразвязам улады Беларусі павінны аб’явіць мараторый на палітзняволеных.
Неабходны новы план супрацоўніцтва не павінен быць прывязаны выключна да электаральных падзеяў. Ён мае агаворваць паляпшэнне ўмоваў дзейнасці НДА, партыяў і медыяў, а таксама атрымання замежнай дапамогі.
Для парламенцкіх выбараў 2012 года асноўнай умовай іх прызнання неабходна паставіць прынцып «кандыдаты і ўлада лічаць галасы разам».
З вялікай павагай
Аляксандр Мілінкевіч
