Лідэр Руху «За Свабоду» абвесціў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты і агучыў тэзісы сваёй праграмы.
Імпрэза адбывалася ў гатэлі «Еўропа». На ёй прысутнічала каля 130 чалавек (журналісты, лідэры думак і ганаровыя госці).
Аляксандр Мілінкевіч распавёў прысутным пра асноўныя напрамкі сваёй праграмы. У якасці механізмаў стварэння адказнай улады прадугледжана вяртанне да справядлівых, празрыстых выбараў і сапраўднага мясцовага самакіравання. Абвяшчаецца неабходнасць забеспячэння свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Сярод эканамічных крокаў у праграме фігуруюць прыцягненне інвестыцыяў, празрыстая бюджэтная палітыка, падтрымка прыватнага бізнесу, выкарыстанне транзітнага патэнцыялу, энергазберагальная палітыка, эфектыўная сельская гаспадарка. Раздзел «Сацыяльная палітыка» прадугледжвае пашырэнне магчымасцяў еўрапейскай адукацыі для беларускай моладзі, рэформа ЖКГ і медыцыны, пенсійнага забеспячэння. Знешняя палітыка будзе накіравана на інтэграцыю Беларусі ў ЕЗ, усталяванне празрыстых, добрасуседскіх адносінаў з Расіяй і курс на пабудову нейтральнай дзяржавы.
У тэзіснай форме лідэр Руху «За Свабоду» распавёў прысутным пра шляхі рэалізацыі сваіх праграмных палажэнняў.
Пасля прэзентацыі тэзісаў праграмы Аляксандр Мілінкевіч адказаў на пытанні журналістаў. Лідэр Руху «За Свабоду» падчас брыфінгу паведаміў, што намераны выкарыстаць усе магчымыя сродкі негвалтоўнага ціску на ўлады, каб дамагчыся ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Паводле лідэра Руху «За Свабоду», калі ўлада не забяспечыць празрыстасці выбараў, народ выйдзе бараніць свой выбар на плошчу і абавязкова здабудзе перамогу.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што зараз галоўная задача — перамагаць у галовах людзей. «Людзі павінны жыць па іншаму, пазбаўляцца страху. Калі мы не скажам сваё слова, нам будзе наканавана і надалей жыць пры дыктатуры. Кожны мусіць зразумець сваю адказнасць за будучыню краіны».
Лідэр Руху «За Свабоду» таксама заявіў, што лічыць крымінальны пераслед Мікалая Аўтуховіча і яго паплечнікаў палітычнай справай і зробіць усё, што ад яго залежыць, каб вызваліць абвінавачаных па гэтай справе людзей.









