Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча са старшынём міжнароднага камітэту чэшскага парламента Давідам Вадражкам і ягоным намеснікам Янам Гамачакамад праходзіла ў офісе Руху «За Свабоду».
Падчас размовы былі абмеркаваны варыянты развіцця сітуацыі ў Беларусі ў паслявыбарчы перыяд, магчымасці далейшай лібералізацыі, рэфармавання эканомікі і дэмакратызацыі краіны.
Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам не могуць развівацца надалей, пакуль у краіне застаюцца палітвязні. Лідэр Руху «За Свабоду» упэўнены, што дыялог павінен быць крытычным і абумоўленым. Ён чарговы раз выказаў падтрымку ідэі стварэння так званай «дарожнай карты», якая можа стаць вельмі важным інструментам для развіцця дэмакратычных інстытутаў і паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Лідэр Руху «За Свабоду» адзначыў падчас размовы з чэшскімі палітыкамі, што для паспяховай еўрапеізацыі Беларусі вельмі важна каардынацыя дзеянняў паміж беларускай дэмакратычнай супольнасцю і палітычнымі структурамі ЕЗ.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ідэю еўрапеізацыі Беларусі праз Еўрапейскія клубы, сетка якіх выбудоўваецца Рухам «За Свабоду» у рэгіёнах. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, гэтая дзейнасць — інфармаванне, адукацыйныя праграмы, стажыроўкі і г.д. — вельмі важная для развіцця патэнцыялу дэмакратызацыі ў Беларусі.
Лідэр Руху «За Свабоду» таксама заклікаў чэшскіх парламентарыяў, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, працягваць праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў у Беларусі.
