За распаўсюд друкаваных матэрыялаў, прысвечаных праблеме будаўніцтва АЭС у Беларусі суд Астравецкага раёну пакараў Івана Крука штрафам у 700 тысяч беларускіх рублёў. Абскарджванні у Гродзенскім абласным і Вярхоўным судах вынікаў не прынеслі.
Актывіст Руху мяркуе, што яго пакаралі фактычна за свае меркаванні, перакананні і іх свабоднае выражэнне. Паводле Івана Крука, судовыя інстанцыі таксама цалкам ігнаравалі яго довады пра ўмяшальніцтва ў яго асабістае жыццё спецслужбаў і праваахоўных органаў.
Актывіст мяркуе, што вычарпаў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны і таму вымушаны быў звярнуцца да міжнароднага арбітра.
На меркаванне Івана Крука, беларускай дзяржавай быў парушаны артыкул 17 Пакту («права на неўмяшальніцтва ў асабістае жыццё») і частка 2 артыкула 19 Пакту («права на выказванне свайго меркавання»).
Актывіст просіць у сваім звароце ў ААН разгледзіць яго довады і рэкамендаваць беларускай дзяржаве кампенсаваць матэрыяльны ўрон, панесены пасля выплаты штрафу і пошліны.
Івану Круку прыйшло паведамленне з Камітэта ААН па правах чалавека пра тое, што яго скарга прынятая да разгляду. Вынікі разгляду будуць вядомыя цягам шасці месяцаў.
