На паседжанні Рады разгледжана пытанне ўдзелу Руху «За Свабоду» у прэзідэнцкіх выбарах, абмеркаваныя вынікі мясцовых выбараў, прынятыя новыя сябры ў шэрагі Руху «За Свабоду».
На пачатку паседжання былі заслуханы прапановы па абранні адзінага кандыдата, якія агучылі прадстаўнікі Рады Інтэлігенцыі Уладзімір Колас і Анатоль Гуляеў.
Рада Руху «За Свабоду» на сваім паседжанні прыняла рашэнне «Аб падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў», паводле якога ініцыюецца вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча ў кандыдаты ў прэзідэнты на бліжэйшых выбарах, даручаецца кіраўніцтву Руху працягнуць кансультацыі з партнёрамі па БНБ і іншымі зацікаўленымі суб’ектамі па пытанні эфектыўнага правядзення кампаніі, распачынаецца фармаванне перадвыбарчага штабу і распаўсюджваецца заклік да ўсіх зацікаўленых суб’ектаў і актывістаў далучацца да кампаніі.
Сябры Рады заслухалі паведамленне намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча пра вынікі выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы. Рух «За Свабоду» — адна з першых арганізацыяў, якая заявіла пра ўдзел у выбарчай кампаніі. Паводле Юрася Губарэвіча, ад Руху «За Свабоду» вылучаліся 83 чалавекі. Пры гэтым стаўка была зроблена на якасць: вылучаліся людзі, якія дагэтуль праводзілі актыўную грамадскую працу ў сваіх рэгіёнах. Аднак, недэмакратычны і несвабодны характар выбарчай кампаніі не даў магчымасці прадстаўнікам Руху «За Свабоду» быць абранымі дэпутатамі мясцовых Саветаў
Рада прагаласавала за прыняццё ў шэрагі ПАГА «Рух «За Свабоду» 74 новых сябраў і выключэнне са складу арганізацыі Алеся Міхалевіча на падставе заявы апошняга.
На паседжанні таксама прынятае рашэнне заклікаць беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы, а таксама запатрабаваць спыніць палітычна матываваны пераслед кандыдата ў дэпутаты ў Мастоўскі райсавет Алеся Зарэмбюка і іншых актывістаў Руху Гарадзеншчыны.
Рада Руху «За Свабоду» лічыць, што крымінальная справа, адкрытая ўпраўленнем КДБ па Гродненскай вобласці супраць рэгіянальнага каардынатара Руху «За Свабоду» Алеся Зарэмбюка, з’яўляецца абумоўленай ягонай актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам у кампаніі мясцовых выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты. Дзеянні палітычнага ціску таксама былі ўчыненыя КДБ супраць трох іншых кандыдатаў у дэпутаты па Гродзенскай вобласці. Рада Руху «За Свабоду» асуджае палітычна матываваны пераслед актывістаў і заклікае ўлады Беларусі спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі.
