Сайт, які размяшчаецца па адрасе http://michalevic.org, стаў больш эластычным. Улічана неабходнасць яго абнаўлення многімі людзьмі, у тым ліку рэгіянальным актывам. Палепшана чытабельнасць, абноўлены дызайн і інфармацыйныя блокі. Таксама былі палепшаны функцыянальныя магчымасці для карыстальнікаў і наладжана зваротная сувязь.
На афіцыйным сайце размешчана інфармацыя аб прэтэндэнце, публікуюцца навіны выбарчай кампаніі, анонсы сустрэчаў Алеся Міхалевіча, яго інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі, перадвыбарчая праграма і яе флэш-прэзентацыя, фотаздымкі для прэсы. Прадстаўлены склад штаба прэтэндэнта і неабходныя кантактныя дадзеныя.
Акрамя таго змяшчаюцца відэаматэрыялы, ёсць спасылкі на тыя сацыяльныя сэрвісы, у якіх кандыдат праяўляе актыўнасць. Непасрэдна на сайце можна ўбачыць апошнія згадкі аб ім у інтэрнэт-сеціве Твітэр.
Сайт выкананы ў трох моўных версіях. Для кожнай моўнай версіі вылучаны асобны rss-канал. Руская і Беларуская версіі зробленыя з націскам на навіны аб хадзе выбарчай кампаніі. Ангельская версія ўяўляе сабой сайт-візітоўку, без публікацыі перакладу навінаў.
На сайце створаны раздзел «Пазіцыя», у якім размяшчаюцца артыкулы і інтэрв’ю не толькі сябраў штаба ці прыхільнікаў Міхалевіча, але і досыць крытычныя матэрыялы пра прэтэндэнта. Свае матэрыялы ўсе жадаючыя могуць дасылаць рэдактарам сайта.
На сайце рэалізавана тэхналогія AJAX («асінхронны JavaScript і XML») — падыход да пабудовы вэб-аплікацыяў, які палягае ў «фонавым» абмене дадзенымі браўзэра з вэб-серверам. У выніку, падчас абнаўлення, вэб-старонка не перазагружаецца цалкам — адсюль памяншаецца нагрузка на сервер, паскараецца рэакцыя інтэрфейсу і карыстальнік істотна эканоміць свой трафік.
Нагадаем, 17 верасня пасля абвяшчэння пра стварэнне грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар», лідэр Руху «За Свабоду» заклікаў сваіх прыхільнікаў падтрымліваць на выбарах Рыгора Кастусёва (Партыя БНФ), Алеся Міхалевіча (саюз «За мадэрнізацыю»), Юрыя Глушакова (партыя «Зялёныя»), якія падпісалі пагадненне.
