Ключавой тэмай падчас учорашняй сустрэчы беларускіх палітыкаў з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскагім і міністрам замежных спраў Нямеччыны Гідам Вэстэрвэле было абмеркаванне бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў.
— Я лічу, што бліжэйшыя выбары дэмакратычнымі не будуць, але могуць быць трохі больш празрыстымі і больш справядлівымі. Нажаль, уключэння прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў у камісіі амаль не адбываецца, таму зараз я не бачу падстаў для прызнання выбараў, — кажа Аляксандр Мілінкевіч.
Лідэр Руху «За Свабоду» у сваю чаргу акцэнтаваў увагу замежных гасцей на праблеме ціску на грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ.
— Дзякуючы дыялогу ідуць рэформы ў эканоміцы, хай і павольныя, назіраецца добрая дынаміка ў праеўрапейскіх настроях, але рэальных пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека не адбываецца. Марна спадзявацца, што ўлады будуць добраахвотна і самастойна рухацца ў гэтым накірунку, — лічыць лідэр Руху «За Свабоду».
Аляксандр Мілінкевіч перакананы, што пакуль за кратамі ёсць палітвязні, пакуль улады не адмовіліся ад рэпрэсіяў, адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам не могуць сур’ёзна развівацца. Дэмакратызацыя краіны магчыма, толькі калі збліжэнне з ЕЗ будзе адбывацца наўзамен канкрэтных крокаў з беларускага боку паводле «дарожнай мапы».
На думку лідэра Руху «За Свабоду», дэмакратычны свет не павінен пакідаць без падтрымкі беларускую грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыі. Аляксандр Мілінкевіч папрасіў Гіда Вэстэрвэле разгледзіць магчымасць падтрымкі беларускага незалежнага тэлебачання «Белсат», якое мае вялікае значэнне для забеспячэння правоў грамадзян на атрыманне незалежнай інфармацыі.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, сумесны прыезд і выступ кіраўнікоў МЗС двух уплывовых краін Еўропы сведчыць пра скардынаванасць супольнай палітыкі Еўразвязу адносна Беларусі. Важна што падтрымка ставіцца ў залежнасць ад дэмакратычных рэформаў. Важна, што Еўропа кажа адным голасам.


