Грамадзяне (заяву падпісалі 42 чалавекі) заяўляюць, што цяперашні старшыня Астравецкай выбарчай камісіі спадар Зімніцкі дыскрэдытаваў сябе падчас сёлетніх мясцовых выбараў. На думку заяўнікаў, сп. Зімніцкі, з’яўляючыся кіраўніком справамі Аставецкага райвыканкаму, будзе выкарыстоўваць службовае становішча і уплываць на падлік галасоў ды скажаць рэальныя вынікі выбараў.
Грамадзяне лічаць, што пры кіраванні выбарчай камісіяй Зімніцкім, выбары ў Астравецкім раёне пройдуць не празрыста, не свабодна і не дэмакратычна. Напоўніцу будзе выкарыстаны адміністратыўны рэсурс мясцовых выканаўчых уладаў. Падставай для такіх меркаванняў жыхароў з’яўляюцца негатыўныя факты службовай дзейнасці спадара Зімніцкага падчас папярэдніх выбарчых кампаній на Астравеччыне.
Нагадаем, да гэтай пары ідзе разбіральніцтва па заяве сябра Руху «За Свабоду» Івана Крука адносна фальсіфікацыі спадаром Зімніцкім актаў праверкі подпісаў грамадзян у падтрымку актывіста. Супрацоўнік райвыканкаму нібыта выявіў, што некалькі грамадзян не падпісваліся за Івана Крука. На гэтай падставе актывіста Руху знялі з удзелу ў мясцовай выбарчай кампаніі. Аднак, пазней выбаршчыкі засведчылі, што яны усё-такі падпісваліся за Івана Крука.
Аўтары звароту таксама заўважаюць, што зараз у складзе Астравецкай выбарчай камісіі няма ніводнага апазіцыянера. Практычна ўсе чальцы камісіі — службовыя асобы райвыканкама.
Заяўнікі просяць старшыню ЦВК вывесці спадара Зімніцкага са складу Астравецкай раённай камісіі, а таксама ўвесці ў склад камісіі сябра АГП Алу Віткоўскую, якая была вылучана шляхам збору подпісаў.
