Пра гэта заяўлена на прэс-канферэнцыі, якую праводзілі нацыянальныя каардынатары кампаніі «За свабодныя выбары — 2010» намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Карнеенка і кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.
Удзельнікамі кампаніі «За свабодныя выбары — 2010» падрыхтаваныя шэсць прапаноў, прыняцце якіх у значнай ступені дэмакратызуе выбарчы працэс у Беларусі. Фактычна размова ідзе пра тры базавыя рэчы: прыярытэтныя правы палітычных партыяў на прадстаўніцтва ва ўчастковых выбарчых камісіях, магчымасць для назіральнікаў рэальна адсочваць выбарчы працэс, асабліва — падлік бюлетэняў і пашырэнне магчымасцяў для агітацыі, у тым ліку праз дзяржаўныя СМІ.
Свае подпісы пад лістом у ЦВК паставілі Віктар Карнеенка, Сяргей Калякін, а таксама прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч.
Ліст, да якога прыкладзеныя прапановы, ужо дасланы ў ЦВК.
Арганізатары прэс-канферэнцыі таксама абмеркавалі бягучы стан кампаніі, агучылі першыя яе вынікі, прааналізавалі перспектывы дзейнасці.
Віктар Карнеенка распавёў, што ад пачатку кампаніі па ўсёй краіне створана сетка для рэалізацыі плана кампаніі, падрыхтаваны спісы трэнераў, экспертныя групы. Ідзе фармаванне базы валанцёраў.
Сяргей Калякін паведаміў журналістам пра факты парушэнняў выбарчага заканадаўства, якія ўжо зафіксаваныя актывістамі кампаніі. Гэта — рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі без асабістай прысутнасці прэтэндэнта падчас працэдуры, а таксама шырокае ўжыванне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку дзеючага кіраўніка краіны. Вельмі паказальна, што прымусовы збор подпісаў адбываецца ў асноўным у сістэме адукацыі, якую ачольвае Аляксандр Радзькоў — кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Гэтая тэндэнцыя, паводле каардынатараў кампаніі «За свабодныя выбары — 2010» недапушчальная для дэмакратычнага грамадства.
