Калі актывіст вяртаўся дадому, да яго падышлі двое міліцыянтаў і патрабавалі, каб ён рушыў з імі ў Першамайскі РАУС. Затрыманне Алеся Галаваня патлумачылі падазрэннем у магчымым саўдзеле ў злачынстве. Аднак, ужо ў аддзяленні прэтэнзіі былі іншымі. Актывіста абшукалі і адабралі складзены бел-чырвона-белы сцяг, потым прымусілі прайсці тэст на алкагольнае ап’яненне. Калі выявілася, што Алесь Галавань цвярозы, яго вызвалілі з умовай, што ён з’явіцца 19 кастрычніка да следчага.
— Мы не ведаем, што будуць інкрымінаваць нашаму сябру, але наша арганізацыя будзе бараніць яго ўсімі законнымі сродкамі, — адзначыў абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Хрыстафор Жэляпаў.
Алесь Галавань з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча, якога падтрымлівае Рух «За Свабоду». Актывіст штодзень ладзіць пікет па збору подпісаў каля Полацкага рынку, аздоблены бел-чырврна-белым сцягам. Ад 10 да 15 гадзіны Алесь Галавань збірае каля 100 подпісаў. Нацыянальны сцяг штодзень бачыць больш за тысячу гараджан. На думку Хрыстафора Жэляпава, уладам гэта надакучыла, і яны вырашылі прыняць пэўныя рэпрэсіўныя захады.


