У выхадныя 9 і 10 кастрычніка адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты ад грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар» Алесь Міхалевіч наведаў Ліду, Кобрын і Брэст. Вядома, што палітык падчас перадвыбарнага турнэ асабіста ўдзельнічае ў зборы подпісаў за сваю рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Гэтак было і зараз.
Падчас паездкі на Брэстчыну палітык азнаёміўся з працай сваіх штабоў у гэтых гарадах, а таксама прыняў удзел у пікетах па зборы подпісаў.
Пры гэтым брэсцкі пікет па зборы подпісаў, які праходзіў каля кінатэатра «Беларусь» на пешаходнай вуліцы (вул. Савецкая), плаўна перарос у мітынг. Вакол Алеся Міхалевіча сабралося некалькі дзясяткаў чалавек, якія спыніліся паслухаць палітыка і задаць яму свае пытанні. Практычна ўсе з іх падпісаліся за вылучэнне Міхалевіча ў прэзідэнты — у выніку за некалькі гадзін было сабрана больш за 50 подпісаў.
