Пікет па збору подпісаў размясціўся на праспекце Незалежнасці каля ўваходу ў ГУМ. Сябры каманды намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўзнялі над пікетам бел-чырвона-белы сцяг. На пікеце ад пачатку прысутнічаў і сам прэтэндэнт у кандыдаты. Нацыянальная сімволіка каля ўваходу у буйны гандлёвы цэнтр здалёк прыцягвала ўвагу мінакоў.
А трэцяй гадзіне да пікетоўцаў далучыўся Аляксандр Мілінкевіч з актывістамі Руху «За Свабоду».
— Мы цудоўна ведаем, што выбараў няма. Але ж мы хочам паказаць людзям, што ў іх ёсць альтэрнатыва. А найлепшая альтэрнатыва дзеючаму рэжыму — нацыянальна-адраджэнцкія сілы, якія увасабляе Партыя БНФ, — тлумачыў выбарцам памочнік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.
Людзі з цікавасцю падыходзілі да стэнда, задавалі вядомым палітыкам пытанні і ахвотна выказваліся ў падтрымку апазіцыйнага кандыдата.






