Не так даўно чыноўнікі Мінгарвыканкама дэманстравалі падтрымку альтэрнатыўнага праекту рэканструкцыі вуліцы Гандлёвая, які распрацавалі спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Супраць разбурэння гістарычнай забудовы на вул. Гандлёвая таксама выступіла грамадскасць.
Аднак, 29 верасня на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, на якім разглядалася пытанне аднаўлення страчанай забудовы правага боку вул. Гандлёвай у межах гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Мінску», нечакана быў падтрыманы афіцыйны праект. З гэтай нагоды ГА БДТАПГК распаўсюдзіла заяву.
Заява ГА БДТАПГК
Шабаш некампетэнтнасці і беззаконня
29 верасня 2010 г. адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, на якім разглядалася пытанне аднаўлення страчанай забудовы правага боку вул. Гандлёвай у межах гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Мінску».
На разгляд былі прадстаўлены: праект (будаўнічая стадыя), распрацаваны КУП «Мінскпраект» па заказе КУП «Мінская спадчына» і эскізны праект рэканструкцыі страчанай гісторыка-планіровачнай структуры, будынкаў і збудаванняў па праваму боку вул. Гандлёвай, распрацаваны спецыялістамі архітэктурнай секцыі
Па выніках разгляду навукова-метадычная рада ўзгадніла афіцыйны праект, які практычна па ўсіх пазіцыях парушае базавыя палажэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, што будзе чарговым крокам да канчатковага знішчэння Гістарычнага цэнтру, унікальнага помніка горадабудаўніцтва, якое абдываецца з бласлаўлення Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ў складзе таго ж, ужо сумна вядомага, міністэрства.
Рашэнне рады ад 29.09.2009 г. не абапіраецца ні на адзін нарматыўны дакумент з ліку тых, якія рэгулююць ахову гісторыка-культурнай спадчыны і правядзенне прац у гістарычным цэнтры Мінску, а гэта і Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», Указ прэзідэнта ад 14.07.2010г., генеральны і дэтальныя планы. Асноўны крытэр абмеркавання — не адпаведнасць заканадаўству, не навуковая абгрунтаванасць, а эстэтычныя якасці. Асноўны аргумент у спрэчцы — затраты з бюджэта на інжынерныя сеткі, пракладзеныя з парушэннямі заканадаўства ўздоўж вул. Гандлёвай, і бюджэтныя затратц на ўжо выкананы прааект у будаўнічай стадыі, дарэчы, таксама ўжо з парушэннямі заканадаўства.
Паўстае пытанне пра прафесійную кампетэнцыю заказчыкаў, праектыроўшчыкаў, прымаючага боку, у тым ліку і апарата ўзгаднення, праектаў па правядзенню прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, ці поўнай іх карумпаванасці, калі Навукова-метадычная рада становіцца своеасаблівым інструментам легалізацыі незаконных прац на помніках, што ставіць яе ледзь не на вяршыню злачыннага працэса. Бо як назваць тое, што на дадзеным пасяджэнні гэты орган, па-першае, прымаў рашэнне на падставе фальсіфікаванай інфармацыі, па-другое, па-за межамі паўнамоцтваў, якія вызначаны дзеючым заканадаўствам, па-трэцяе, забыўшыся ўпапыхах правесці працэдуру галасавання.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заклікае да недаверу да рашэнняў Навукова-метадычнай рады і Міністэрства культуры ў пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны, як заангажаваных, непрафесійных, а зачастую і злачынных.
