Актывіст «Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца паведаміў, што ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму баранавіцкія грамадскія актывісты наведалі мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай» (адкрыты ў 1972 годзе, знаходзіцца адразу за баваўняным камбінатам) і «Журботная маці» (1964 год, месціцца ў мікрараёне «Траццякі»). У раёне цяперашняй вуліцы Брэсцкая падчас вайны расстрэльвалі палонных. А за горадам, ва Ўрочышчы былі забіты чатыры тысячы чэшскіх габрэяў.
— На месцы масавых забойстваў ваеннапалонных і мірных жыхароў, мы ўсклалі кветкі прыбралі тэрыторыю ад смецця, — кажа Віктар Сырыца.
На верасень прыпадаюць дзве самыя важныя даты Другой сусветнай вайны — дзень яе пачатку (1 верасня 1939 года) і яе заканчэння (2 верасня 1945 года). Таму кожную другую нядзелю верасня, пачынаючы з 1962 года, адзначаецца як Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму. У гэты дзень у кожнай краіне, якая прыняла ўдзел у Другой сусветнай вайне, адмяняюцца не толькі забаўляльныя мерапрыемствы, але і арганізуюцца вандроўкі да помнікаў і мемарыяльных комплексаў, дзе пахаваны ахвяры фашызму.

