Як паведаміў каардынатар Руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласці Пётр Кузняцоў, намеснік дырэктара гомельскага філіяла ТДА «НП-Сервіc» за тры дні да прыняцця мясцовымі органамі юстыцыі рашэння пра рэгістрацыю рэгіянальнай структуры Руху «За Свабоду» пісьмова паведаміў, што яго прадпрыемства адмаўляе ў прадастаўленні памяшкання ў сувязі з тым, што будзе яго выкарыстоўваць для ўласных патрэбаў.
Паводле абласнога каардынатара Руху «За Свабоду» з гэтага моманту стала зразумела, што легалізаваць дзейнасць рэгіянальнай структуры Руху не выпадае, бо знайсці іншае памяшканне і аформіць усе паперы за тры дні, да вынясення рашэння аб рэгістрацыі, практычна немагчыма.
Нагадаем, устаноўчы сход Гомельскага абласнога аддзялення Руху «За Свабоду» адбыўся ў абласным цэнтры 11 ліпеня. На мерапрыемстве прысутнічаў лідэр арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч. На сход прыйшлі каля ста чалавек з дзевяці рэгіёнаў Гомельшчыны. Прысутныя прынялі рашэнне аб рэгістрацыі абласной структуры Руху «За Свабоду» і абралі кіруючыя органы.

Паводле odsgomel.org
