Дырэктар БДІПЧ АБСЕ нагадаў пра рэкамендацыю Беларусі па выніках назіральнай місіі 2008 году, паводле якой выбарчыя камісіі павінны ўтварацца на базе вылучэння ад розных партыяў, каб забяспечыць з аднаго боку баланс інтарэсаў самых розных палітычных сілаў, з другога — аддзяленне сістэмы выбарчых камісій ад дзяржаўных органаў.
Янэз Ленарчыч у лісце да Аляксандра Мілінкевіча канстатаваў факт прыняцця ўладамі паправак у Выбарчы кодэкс напрыканцы 2009 году. У той жа час, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ адзначыў, што, паводле супольнай ацэнкі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, нягледзячы на выпраўленне пэўных недахопаў у беларускім выбарчым заканадаўстве, зробленыя папраўкі не ў стане вырашыць галоўную праблему, а менавіта недастатковасць заканадаўчых механізмаў, каб служыць асновай для сапраўды дэмакратычных выбараў.
Так БДІПЧ АБСЕ вітае папраўкі, якія рэгламентуюць уключэнне прадстаўнікоў палітычных партыяў у склад выбарчых камісіяў. Аднак, на дадзены момант бракуе ясных, празрыстых правілаў, якія тычацца механізмаў, паводле якіх прадстаўнікі палітычных партыяў уключаюцца ў камісіі, і выкананне гэтых правілаў застаецца па-ранейшаму праблематычным. То бок, прынятыя папраўкі пакуль не гарантуюць сумленных выбараў.
Паводле Янэза Ленарчыча, БДІПЧ АБСЕ выказваецца за ўсеабдымны падыход да рэформы выбарчага заканадаўства і абмяркоўвае паляпшэнне правядзення выбараў з беларускімі ўладамі цягам апошніх месяцаў. Якасць будучых выбараў у Беларусі будзе залежыць не толькі ад якасці заканадаўства, але і ад добрай волі падчас правапрымянення.
Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ спадзяецца, што наступныя прэзідэнцкія выбары будуць добрай нагодай, каб ацаніць прымяненне на практыцы зменаў, зробленых у беларускім выбарчым заканадаўстве ў снежні 2009 года. Ён таксама выказаўся на карысць далейшых кантактаў з Рухам «За Свабоду» ды іншымі зацікаўленымі бакамі ў Беларусі.
