«Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да Вас с просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт. 344 Крымінальнага кодэкса асобаў, па чыёй віне знішчана гісторыка-культурная каштоўнасць пад шыфрам 613Г000214 — драўляны свіран 19 ст. сядзібы з в. Янавічы, па арт. 428 службовых асобаў чые халатныя адносіны да службовых абавязкаў прывялі да знішчэння вышэйназванага помніка, а па ч. 1 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь адказных супрацоўнікаў Пракуратуры Клецкага р-на, Пракуратуры Мінскай вобл., па чыёй віне асобы вінаватыя ў парушэннях заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Крымінальнага кодэксу сістэматычна выводзяцца з-пад адказнасці», — гаворыцца ў заяве Антона Астаповіча.
Антон Астаповіч амаль два гады дабіваецца расследавання па факце зносу унікальнага помніка драўлянай архітэктуры 19 ст., нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — сядзібнага свірна з вёскі Янавічы.
Актывіст Руху «За Свабоду» адзначае, што Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры неаднаразова звярталася ў пракурорскія органы Рэспублікі Беларусь розных узроўняў па фактах парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Клецкага р-на Мінскай вобласці, у тым ліку па пытанню руйнавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці 613Г000214 — драўлянага сядзібнага свірна 19 ст. з в. Янавічы, аднак вінаватыя не былі пакараныя.
Паводле Антона Астаповіча, у дзеяннях супрацоўнікаў пракуратуры праглядаецца спроба вывесці з-пад адказнасці асобаў, вінаватых у знішчэнні гісторыка-культурнай каштоўнасці, што на думку грамадскага аб’яднання мае прыкметы распаўсюду карупцыйных праяў сярод праваахоўных органаў, чым груба парушаны арт. 20 і 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» ад 20 ліпеня 2006 г.
Паводле pomniki.budzma.org
