На ўкраінска-беларускім памежным пераходзе Макраны—Даманава проста сарвалі выяву лідэра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Калі адпаведныя службы спрабавалі аднавіць білборд — з’явіўся прадстаўнік памежнага атраду.
«Яму сказалі, што тут будзе зноў выява Аляксандра Мілінкевіча. Пасля гэтага ён некалькі разоў тэлефанаваў да свайго кіраўніцтва. У выніку ён спыніў працу і забараніў клеіць білборд», — кажа каардынатар Руху «За Свабоду» па Брэстчыне Дзяніс Турчэняк.
У фірме, адказнай за ўсталяванне шчытоў, дзеянні памежнікаў выклікалі здзіўленне. Бо ў фірмаў былі ўсе патрэбныя дазволы. Тым не менш, выканаўцы ў разгубленасці
«Мы не можам аднавіць білборд. Мы нават не ведаем прычынаў, з якіх яны не дазваляюць клеіць рэкламную канструкцыю», — кажа прадпрымальнік Валерый Кавальчук, які займаецца усталяваннем вулічнай рэкламы.
Падобны лёс напаткаў і білборд Уладзіміра Някляева. Масіўную металічную канструкцыю некалькі дзён таму літаральна павалілі на зямлю.
Чаму так адбываецца, улады адказу не даюць. На думку ж прадстаўнікоў Руху «За Свабоду», акцыі супраць білбордаў наўпрост звязаныя з тым, дзеля чаго іх і ўсталёўвалі, — з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі.
«Трэба казаць пра сувязь беларускіх спецслужбаў з іх украінскімі калегамі супраць беларускіх апазіцыянераў. Магчыма, гэта сувязі, якія захаваліся яшчэ з савецкіх часоў», — лічыць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Адметна, што праз памежны пункт Макраны—Даманава штодня праязджаюць тысячы грамадзянаў Беларусі. Усталяванне білбордаў апазіцыйных палітыкаў у гэтым месцы, з пункту гледжання маркетолагаў, вельмі удалае.
Паводле belsat.eu
Відэа тут
