Шостага жніўня суд Ленінскага раёну адмовіў ПАГА «Рух «За Свабоду» ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па іску да КУП «ЖРЭУ г. Брэста», якое прадало будынак, што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прыватнай асобе з парушэннем вызначаных Законам працэдур.
Суд абгрунтаваў сваё рашэнне існаваннем артыкула 85 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, які нібыта вызначае кола пытанняў, па якіх дзяржаўныя структуры і юрыдычныя асобы могуць звяртацца ў суд з заявамі ў абарону правоў і інтарэсаў іншых асобаў.
ПАГА «Рух «За Свабоду» лічыць, што прычыны для адмовы ў разглядзе справы выключна фармальныя.
У артыкуле 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права кожнага на юрыдычную дапамогу для абароны сваіх правоў і свабод. У адпаведнасці з артыкулам 72 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, прадстаўнікі юрыдычных арганізацый маюць права прадстаўляць законныя інтарэсы ў тым ліку «іншых асобаў». Да таго ж, абарона законных інтарэсаў сяброў арганізацыі прапісана ў статуце ПАГА «Рух «За Свабоду». У адпаведнасці з п.2.1, Статуту арганізацыі, яе мэтамі з’яўляецца абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі і міжнародных дакументах.
Актывісты Руху «За Свабоду» мяркуюць, што продаж гісторыка-культурнай каштоўнасці без ягонай адпаведнай ацэнкі і без узгаднення з Міністэрствам культуры парушае правы сябраў Руху, а таксама іншых грамадзян Беларусі на гісторыка-культурную спадчыну і цягне за сабой збядненне нацыянальнай культуры і самабытнасці беларускага народа.
ПАГА «Рух «За Свабоду» просіць Калегію абласнога суду Брэста адмяніць рашэнне суду Ленінскага раёну ад 6 жніўня пра адмову ва ўзбуджэнні справы і разгледзіць па сутнасці пытанне пра прыняцце іскавай заявы судом Ленінскага раёну і ініцыяванні вытворчасці па справе.
