У лісце ад пракурора Барысаўскага раёну паведамляецца, што заказны ліст Сяргея Салаша, накіраваны на імя дырэктара ДУП «Аўтобусны парк № 3» РУП «Мінаблаўтатранс» сп. Шкрэдава быў згублены па віне інспектара па кантролю за выкананнем даручэнняў спадарыні Стасевіч.
Пракурор сп. Аўдзей паведамляе на зварот актывіста, што ліст Сяргея Салаша з прапановамі па беларусізацыі грамадскага транспарту на разгляд сп. Шкрэдава не перадаваўся. Вінаватую ў страце ліста актывіста спадарыню Стасевіч чакае дысцыплінарнае спагнанне.
— Папросту барысаўская ўладная сістэма пакрывае парушэнні «сваіх кліентаў». Шкрэдаў ужо два тэрміны з’яўляецца дэпутатам мясцовых саветаў. Ведаючы яго адносіны да простых людзей, я мяркую, што ён папросту праігнараваў наш ліст з прапановай па беларусізацыі грамадскага транспарту Барысава. Пракуратура, каб не караць яго, пераклала віну на жанчыну, якая там працуе. Нажаль, на гэтае рашэнне мы паўплываць не можам, — кажа Сяргей Салаш.
