Справа вядзецца пра капітальны будынак, выведзены з жылога фонду, які месціцца па адрасе: Брэст, вул. Савецкая, 57. Ён быў прададзены напрыканцы мінулага году КУП «ЖРЭУ г.Брэста» жыхару Расіі Мікалаю Бурносу.
Чыноўнікі не звярнулі ўвагі на тое, што 1 ліпеня 2009 года на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны будынку другой паловы ХІХ стагоддзя быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Хоць продаж помніка адбыўся з умовай яго рэканструкцыі, рашэнне пра гэта не было ўзгоднена, як таго патрабуе Закон, з Міністэрствам культуры, а ацэнка была праведзена з парушэннем заканадаўства. На думку заяўнікаў, гэта з’яўляецца важкай падставай для анулявання здзелкі.
Актывісты Руху «За Свабоду» мяркуюць, што продаж гісторыка-культурнай каштоўнасці без ягонай адпаведнай ацэнкі і без узгаднення з Міністэрствам культуры парушае правы усіх грамадзян Беларусі на гісторыка-культурную спадчыну і цягне за сабой збядненне нацыянальнай культуры і самабытнасці беларускага народа.
Інтарэсы Руху «За Свабоду» у судзе будзе прадстаўляць актывіст Руху «За Свабоду», старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Пракурору Ленінскага раёна Брэста таксама накіраваны ліст з просьбай падтрымаць іскавую заяву Аляксандра Мілінкевіча.
Антон Астаповіч упэўнены, што ягоная дзейнасць разам з каардынатарам Руху «За Свабоду» па Брэсту Дзянісам Турчэняком у справе аховы брэсцкіх помнікаў дае плён. Так актывісты ўжо дамагліся, каб гарадскія будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, выстаўляліся на аўкцыён толькі з умовай рэстаўрацыі ці рэканструкцыі. Раней, іх спрабавалі прадаваць нават пад знос.
